3.68 BYN
2.98 BYN
3.43 BYN
У Раўбічах рыхтуецца новая выстава "Народны строй - жывая традыцыя"
Дзве беларускія майстрыхі па-рознаму падыходзяць да аднаўлення і рэканструкцыі мінулых традыцый. Напярэдадні адкрыцця выставы ў Раўбіцкім музеі беларускага народнага мастацтва пабывала наш карэспандэнт Ларыса Гулякевіч.
Самы час у залатую восень прадэманстраваць моднае адзенне. Тым больш калі фасоны створаны згодна з народнымі традыцыямі. Музей беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах адкрывае новую выставу рэканструкцыі народнага строю.
Зазірнуць за кулісы стварэння сапраўдных народных шэдэўраў прапануюць два майстры - прадстаўніцы розных пакаленняў .
Для Ларысы Мятлеўскай рэканструкцыя народнага строю не проста хобі. У аснове яе работ этнаграфічныя даследаванні і спроба дакрануцца да даўніны, адчуць повязь пакаленняў. Яна выкладала у швейным каледжы, а заняткі па гісторыі ткацтва і швейнай справе часта праводзіла сярод музейных экспанатаў. Нават сваю шлюбную сукенку і аксесуары зрабіла згодна з традыцыйнымі канонамі.
Аляксандра Духноўская - прадстаўнік новага пакалення, працуе з дакументамі ў Нацыянальнай акадэміі навук, але самастойна займаецца рэканструкцыяй народнага адзення: скрупулёзна і з запалам.
Дапоўняць выставу прадметы кравецкага побыту канца ХХ і пачатку ХХІ стагоддзяў.
Выстава рэканструяванага народнага адзення найлепшым чынам дапаўняе пастаянную экспазіцыю Музея народнага мастацтва ў Раўбічах, дзе дэманструюцца аўтэнтычныя рэгіянальныя строі, захаваныя у натуральным выглядзе.
Аўтарскія адноўленыя калекцыі паказваюць, што ў беларускім строі ёсць усё: гарманічнасць, прыгажосць і галоўнае - сучаснасць.















