3.67 BYN
3.02 BYN
3.49 BYN
Завяршыўся другі этап кастынгу вядучых дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне 2018"
Эксперты ацанілі яшчэ адну дзясятку прэтэндэнтаў. На дадатковыя тэлепробы запрасілі ўдзельнікаў мінулага адбору і новых кандыдатаў. Сярод іх вядомыя беларускія вядучыя, а таксама дэлегаты ад нашай краіны на конкурсах мінулых гадоў. Тым не менш у канкурэнтнай барацьбе ўсе былі роўныя. Каб ацаніць працу патэнцыяльных вядучых, з Мальты прыляцеў шоу-дырэктар конкурсу Гордан Банела. Яго меркаванне будзе вызначальным. Па-ранейшаму галоўны крытэрый - свабоднае валоданне англійскай і ўпэўненасць перад камерай.
"Я шукаю вядучага з энергіяй, азартам. Мільёны тэлегледачоў павінны ўбачыць асобу на сваіх экранах. Упэўненасць таксама адыгрывае вялікую ролю, таму мы падбіралі прэтэндэнтаў з вопытам працы ў прамым эфіры. Я ведаю, што для іх гэта не проста шоу на англійскай мове. Гэта вялікае выпрабаванне. Але мы зробім усё, каб 25 лістапада ўвесь свет убачыў бліскучае шоу".
Тэлепробы прайшлі ў неафіцыйнай атмасферы. У студыі былі нават гарачыя дыскусіі аб тым, якім павінен быць вядучы конкурсу. Аб выніках пакуль гаварыць рана - экспертам трэба будзе паглядзець відэазапіс кастынгу. А таксама прыняць рашэнне наконт схемы вядзення і размяшчэння на тэлепляцоўцы. Шоу адбудзецца 25 лістапада на "Мінск-Арэне".