"Запаветнае" - рэтрафотавыстава пра духоўнае, прыгожае, вечнае
Прысвячэнне 1030-годдзю праваслаўя на беларускіх землях і майстар-клас для сучасных фотамастакоў: у сталічнай галерэі "Універсітэт культуры" працуе выстава, якая адкрывае свет старажытнай фатаграфіі і фіксуе момант самога зараджэння фотамастацтва на нашых землях. Экспазіцыя "Запаветнае" - гэта некалькі дзясяткаў работ, дагэтуль невядомых, прэм'ерны паказ фотазбору ад нашых сучаснікаў і, галоўнае, адкрыццё новага імя ў гісторыі беларускага мастацтва. У летапісе першаадкрывацеляў беларускай фатаграфі імя святара!
Усе падрабязнасці - у Наталлі Бардзілоўскай!
Мяжа дзевятнаццатага і дваццатага стагоддзяў. Людзі ў самабытных строях, модныя для таго часу інтэр'еры і транспартныя сродкі (сёння яны выклікаюць хутчэй замілавальную усмешку) і архітэктура - непампезная, простая, і храмаў, і жылых двароў. Перад намі - збор, які можна назваць не проста "мінуўшчына", але дадатак да краязнаўчай хрэстаматыі Беларусі.
Гэта выстава пра час і пра старадаўні край беларускі. Дзякуючы чорна-белым рэтра-фота мы можам уявіць, як на самым пачатку мінулага стагоддзя выглядалі Бераставіца, Дзвіна, Браслаў, як людзі святкавалі Вадохрышча і Вялікдзень, якімі былі храмавыя і хатнія інтэр'еры. І партрэты людзей – у сане і свецкіх. Над праектам працавала вялікая каманда людзей і перш-наперш аўтар - Павел Валынцэвіч.
Ён быў праваслаўным бацюшкам, закаханым у фотасправу. Для пачатку мінулага стагоддзя - рэдкае захапленне: аматары фота не ўсё ўмелі, сродкі былі, далёкія да дасканаласці. Але тыя творы, што пакінулі, былі дзівам для сучаснікаў, і для нас, нашчадкаў, сталі сапраўдным падарункам.
Уладзімір Суцягін - "паплечнік па фота" Паўла Валынцэвіча і адзін з тых людзей, хто адкрыў імя, захопленага фатаграфіяй, дагэтуль невядомага святара. Гэтая экспазіцыя "Запаветнае" пачыналася з інкогніта - у руках нашых сучаснікаў аказаліся шкляныя негатывы з выявамі, якія неабходна было рассакрэціць, алічбаваць і потым прадставіць публіцы. У суаўтарстве з Валынцэвічам і Суцягіным - калекцыянер Дзмітрый Сярэбранікаў. Чалавек, які даў старт машыне часу і паклаў пачатак гэтаму фотапраекту.
Чорна-белую палітру фота ад Валынцэвіча дадала каляровая гама ад нашага сучасніка Максіма Чарнагалова. Гэта цяперашні "летапісец" царкоўнага жыцця.
Пераемнасць пакаленняў у адлюстраванні найлепшага: духоўнасці, гармоніі, любові. Выстава "Запаветнае" - замілаванне для вока і ўрокі майстэрства для пачынальнікаў у фотамастацтве.







