3.71 BYN
2.97 BYN
3.43 BYN
Беларусь прымае адзін з этапаў Еўралігі па пляжным футболе
322 дні да старту II Еўрапейскіх гульняў, а Мінск усё больш гучна заяўляе аб сваёй гатоўнасці да самага буйнога спартыўнага форуму Старога Свету ў 2019 годзе. На галоўнай арэне спаборніцтваў - абноўленым "Дынама" - ужо прайшлі тэставыя турніры, больш за тое, футбольны клуб "Дынама-Мінск" у будучы чацвер у рамках Лігі Еўропы тут згуляе супраць грознага "Зеніту" з Санкт-Пецярбурга. У пачатку гэтага тыдня шмат радасці было ў пляжных футбалістаў - іх нацыянальны стадыён афіцыйна адкрыты. Менавіта тут у чэрвені будучага года пройдуць спаборніцтвы па гэтым відзе спорту, сёння ж арэна прымае першы ў сваёй гісторыі міжнародны старт.
У нашу краіну прыехалі зборныя Турцыі, Польшчы і фіналіст Еўрапейскіх гульняў у Баку - Італія.
Стадыён стацыянарны, г.з. прапіска па вуліцы Сурганава, 2А для арэны стане пастаяннай. Ёмістасць трыбун 1300 гледачоў. Памер поля 28 на 37 метраў. Для такой плошчы з Гомеля было завезена 11 тон спецыяльнага кварцавага пяску.
Чацвёрты этап Еўралігі - не толькі тэставы турнір для арганізатараў II Еўрапейскіх гульняў, але і ключавы для зборнай нашай краіны. Гаспадары працягваюць барацьбу за выхад у суперфінал спаборніцтваў, які пройдзе ў верасні на Сардзініі. На першым этапе беларусы атрымалі дзве перамогі з трох. У гэтыя выхадныя важна перамагаць у кожнай гульні. Бо ў Італію адправяцца ўсяго 8 лепшых дружын Еўропы.
І сёння ў стартавы спаборніцкі дзень Беларусь зрабіла чарговы крок да суперфіналу, у няпростым паядынку адолеўшы Турцыю. Крыху раней Італія справілася з Польшчай.
Заўтра ў 17:15 апенінцы згуляюць з Турцыяй, а гаспадароў у 18:30 праэкзаменуе Польшча . Прамыя трансляцыі матчаў на "Беларусь 5".
Пляжны футбол стане цэнтрам II Еўрапейскіх гульняў, бо дынамічнасць матчаў захоплівае. Тры таймы па 12 хвілін пралятаюць імгненна, а візітнай карткай Beach Soccer з'яўляюцца "нажніцы", больш дакладна, удар цераз сябе. Спяшайцеся ўбачыць такі шэдэўр на свае вочы. Уваход на паядынкі Еўралігі вольны. Завершыцца турнір у нядзелю.