Агляд галоўных спартыўных падзей Беларусі - у рубрыцы "Матчбол"
Дакладныя падачы і звышканцэнтрацыя дапамаглі салігорскаму "Шахцёру" застацца лідарам у чэмпіянаце Беларусі, парадавалі сваіх прыхільнікаў і хакеісты "Дынама" ў КХЛ. Валейбольная "Мінчанка" яскравым стылем гульні перамагае ў расійскай Суперлізе. Агляд галоўных спартыўных падзей - у нашай спартыўнай рубрыцы "Матчбол".
Безумоўна, футбол у авангардзе спартыўных падзей. Салігорскі "Шахцёр" застаецца лідарам чэмпіянату Беларусі, мінскае "Дынама" адстае ад "гарнякоў" ужо на тры балы.
Напярэдадні каманда з Салігорска сустракалася з самым складаным сапернікам з тых каманд, з якімі заставалася згуляць "Шахцёру" ў гэтым сезоне. Жодзінскае "Тарпеда" не прайграе ў другім туры. Пра гэта ведалі футболісты "Шахцёра", таму на паядынак супраць каманды Дзмітрыя Молаша выходзілі звышсканцэнтраванымі. Як вынік - "гарнякі" перамаглі дзякуючы дакладнаму стрэлу Максіма Скавыша, 1:0.
А вось яшчэ адзін прэтэндэнт на залатыя медалі першынства. Мінскае "Дынама" зноў згуляла ў нічыю. 0:0 - вынік сустрэчы супраць аднаклубнікаў з Брэста. Улічваючы каляндар каманды Арцёма Чалядзінскага, усё ж робім вывад: стаць чэмпіёнам будзе вельмі складана мінчанам. У гэтыя хвіліны "Энергетык БДУ" сустракаецца з магілёўскім "Дняпром".
Дзве перамогі запар у сталічнага хакейнага "Дынама" ў КХЛ. "Зубры" атрымалі вікторыі ў паядынках супраць "Сочы" і "Лакаматыва".
Хатнюю серыю бела-блакітныя пачыналі матчам з аўтсайдарам Заходняй канферэнцыі – хакеістамі "Сочы". 5:3 - мінчане былі мацнейшыя за дружыну з поўдня Расіі. А гульня супраць "Лакаматыва" атрымалася больш напружанай. Двойчы саступалі ў ліку "зубры", аднак мінчане здолелі ўпэўнена перамагчы ў выніку - 5:2. У 19:00 сёння беларусы згуляюць супраць маскоўскага "Дынама".
"Мінчанка" ў валейбольнай Суперлізе перамагае "Ленінградку", у склад якой уваходзяць гульцы высокага міжнароднага ўзроўню. У Пецярбургу беларускі павялі па выніках дзвюх партый, потым крыху аддалі ініцыятыву. Але ў выніку ў пятым сэце святкавалі поспех, 3:2. У табліцы чэмпіянату "Мінчанка" ўзнялася на дзясятую пазіцыю і ўжо знаходзіцца блізка да зоны плэй-оф. 5 лістапада беларускі згуляюць супраць краснадарскага "Дынама" ў Мінску.
На гэтым тыдні шмат хакея. Вашай увазе матчы Экстралігі і КХЛ, у Адзінай лізе ВТБ "Мінск" сустрэнецца з "Зенітам", а ў чацвер чарговы тур SEHA-Лігі. Усё гэта, зразумела, Вас чакае на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі у прамым эфіры. Любіце спорт, мы абавязкова яшчэ ўбачымся.







