3.69 BYN
3.00 BYN
3.49 BYN
Рубрыка "Матчбол" | 16.07.2018
Зборная Францыі другі раз у сваёй гісторыі стала чэмпіёнам свету па футболе. Легендарны Дыега Марадона ўжо ў Беларусі, тэнісістка Вікторыя Азаранка пакідае Лондан без трафея, а лёгкаатлетка Карына Таранда становіцца чэмпіёнкай свету сярод юніёраў. Усе апошнія спартыўныя навіны ў нашай рубрыцы "Матчбол".
Дваццаць першы чэмпіянат свету па футболе ўжо гісторыя. 64 гульні, у тым ліку дзённікі мундыялю - Белтэлерадыёкампанія асвятліла ўсе падзеі ў Расіі. Без перабольшання шмат хто называе гэты планетарны форум лепшым за папяряднія. Асабліва ён запомніцца французам. Спыніць трохкаляровых на расійскіх землях не здолеў ніхто.
На групавым этапе французы занялі першае месца, у плэй-оф жа выбілі з барацьбы зборныя Аргенціны, Уругвая, Бельгіі і ў вырашальным матчы апынуліся мацнейшымі за харватаў - 4:2. Бронзавыя медалі першынства свету заваявалі бельгійцы. У сустрэчы за трэцяе месца яны перамаглі Англію 2:0. Для Бельгіі гэта першыя ўзнагароды планетарных форумаў.
Адразу пасля чэмпіянату свету ў беларускі Брэст прыляцеў старшыня праўлення мясцовага "Дынама" Дыега Марадона. Легенду аргенцінскага футбола сёння сустракалі ў горадзе над Бугам, самалёт прызямліўся каля 15 гадзін. У гэты час Марадона дае інтэрв'ю ў гасцініцы "Эрмітаж", а затым наведае матч 16-га тура чэмпіянату Беларусі. "Дынама-Брэст" прымае салігорскі "Шахцёр". У 20:25 прамую трансляцыю пачне тэлеканал "Беларусь 5".
Вікторыя Азаранка прайграе свой першы фінал на Уімблдоне. У вырашальным матчы змяшанага разраду беларуска і брытанец Джэймі Марэй саступілі аўстрыйцу Аляксандру Пея і амерыканцы Ніколь Мелічар 6:7, 3:6. У жаночых спаборніцтвах, нагадаем, Азаранка ў другім раўндзе саступіла чэшцы Караліне Плішкавай і ў абноўленым рэйтынгу пакінула першую сотню. Зараз яна 108-ая.
У Нацыянальным аэрапорце Мінск сёння сустракалі герояў чэмпіянату свету па лёгкай атлетыцы сярод спартсменаў да 20 гадоў. Золата з планетарнага форуму прывезла Карына Таранда.
Ёй не было роўных у скачках у вышыню. Карына ўстанавіла юніёрскі рэкорд Беларусі - 1 метр 92 сантыметры.
Яшчэ адна ўзнагарода на рахунку Яўгена Багуцкага. У кіданні дыска ён стаў другім.
А на гэтым тыдні аматараў лёгкай атлетыкі чакае першынство Беларусі – у пятніцу і суботу на сталічным стадыёне "Дынама". Трэнерскі штаб павінен будзе вызначыць склад каманды на чэмпіянат Еўропы, які на пачатку жніўня будзе прымаць Лондан. Трансляцыі і нацыянальных спаборніцтваў, і кантынентальных будзе весці Белтэлерадыёкампанія. Не прапусціце!