3.69 BYN
2.99 BYN
3.42 BYN
А. Лукашэнка падпісаў указ аб дзейнасці Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце
Сёння Кіраўнік дзяржавы падпісаў указ аб дзейнасці Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце. Размова пра абнаўленні ў навучанні будучых кіраўнікоў. У прыватнасці, дакументам прадугледжаны новыя адукацыйныя праграмы, стажыроўкі для слухачоў, індывідуальны падыход у навучанні і нават павышэнне стыпендый студэнтам.
Прадоўжыць тэму Юлія Хмель.
Гісторыя гэтай ВНУ пачалася 28 гадоў таму - 29 студзеня 1991 года. Яшчэ праз 4 гады навучальную ўстанову пераўтварылі ў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Беларусі. Сёння ў структуры 3 інстытуты, у складзе якіх 15 кафедр. Зрэшты, гэта дзейнасць не толькі ўнутры краіны, але і за мяжой. Акадэмія супрацоўнічае з перадавымі ВНУ Расіі, Кітая, Паўднёвай Карэі, Швейцарыі, Германіі, Арменіі. Падпісана больш за 60 пагадненняў аб міжнародным супрацоўніцтве.
А зараз акадэмія пачынае працу па-новаму. Інавацыйныя падыходы распрацоўваюць для будучых кіраўнікоў, у тым ліку і дзякуючы новаму ўказу Кіраўніка дзяржавы.
Асаблівая ўвага адораным студэнтам. Зрэшты, і самі навучэнцы ўжо звярнулі ўвагу на адукацыйны падыход. Сяргей Цыганкоў вырас у сям'і ўрачоў, але з дзяцінства марыў быць юрыстам. Зараз вучыцца на чацвёртым курсе і гаворыць: і тэорыя, і практыка далі яму добры вопыт. Год працаваў памочнікам юрыста ў будаўнічай кампаніі, а зараз у міжнародным адвакацкім бюро.
Таксама прадугледжаны стажыроўкі для слухачоў акадэміі - тых, хто ўжо працуе на кіруючых пасадах, а тут праходзіць перападрыхтоўку. Так, згодна з новай праграмай, слухача замацуюць за кіраўніком таго ці іншага дзяржоргана. І пэўны час ён будзе назіраць за працэсам на месцах або нават дапамагаць кіраўніку. Прасцей кажучы, гэта праца дублёра.
Згодна з новым указам, павялічаны памер стыпендый студэнтаў. Сёлета на бюджэце 100 першакурснікаў. Усяго ж у акадэміі бясплатна навучаюцца больш за 450 чалавек. І для кожнага такі бонус - матывацыя да выдатнай вучобы. Зрэшты, стымулюючыя выплаты ў ВНУ абяцаюць і выкладчыкам. Пры гэтым падкрэсліваюць: толькі за вынік.
Змяненні закрануць і адукацыйныя праграмы. Прадугледжаны індывідуальны падыход да кожнага навучэнца. Напрыклад, для слухачоў у залежнасці ад таго, якая база ў іх ужо ёсць, тэрмін навучання будзе вар'іравацца. Гэта можа быць і адзін семестр, а можа і два гады. Акрамя гэтага, выбарчы падыход і да прадметаў, якія вывучаюцца.
Сёння беларуская адукацыя канкурэнтаздольная і на міжнародных рынках. Акадэмія кіравання зацікаўлена ў талентах: лепшая адукацыя для лепшых студэнтаў. Але тое, як яе будуць прымяняць на практыцы, залежыць ад тых, хто зараз спасцігае навуку.