3.71 BYN
3.01 BYN
3.39 BYN
Беларускі музей народнай архітэктуры і побыту падрыхтаваў экскурсію-знаёмства з традыцыйнымі транспартнымі сродкамі нашых продкаў
Да летняга часу падарожжаў Беларускі музей народнай архітэктуры і побыту падрыхтаваў унікальную экскурсію-знаёмства з традыцыйнымі транспартнымі сродкамі нашых продкаў. Пачынаецца яно з прагляду аўтэнтычнай калекцыі, у якой амаль 300 прадметаў розных часоў і розных рэгіёнаў. Брычкі і сані, вазы і мажары, фаэтоны і нават дэльтаплан. Наталля Бардзілоўская - з рэпартажам пра тое, на чым перамяшчаліся ў даўніну.
Конюх строчыцкага музея Міхаіл Бардалёў дэманструе працэс запрагання каня. Шматвекавая і па сённяшні дзень самая знаёмая для сельскіх жыхароў справа, як і самы просты і па-ранейшаму папулярны сродак пераадольвання кіламетраў - язда на кані: вярхом ці на колах. Мясцовы конь Хлопчык на працягу 16 гадоў з задавальненнем возіць і супрацоўнікаў, і гасцей музея - зімой у санках, ўлетку - у брычцы.
280 экспанатаў у калекцыі "Традыцыйныя транспартныя сродкі беларусаў" аўтэнтычныя, з розных рэгіёнаў рэчы даюць уяўленне пра тое, з дапамогай чаго нашы дзяды пераадольвалі кіламетры, на чым перавозілі грузы, выязджалі ў святы. Унікальны збор музейшчыкі размясцілі ў пуні - помніку драўлянага дойлідства пачатку 20-га стагоддзя, прывезенага ў Строчыцы з вёскі Ваўкаўшчына Мёрскага раёна. Тут зладзілі экспазіцыю, у якой колы і мажары, сані і вазы, хамуты, дугі.
Традыцыйныя транспартныя сродкі - гэта не толькі пра сялянскі побыт. Вось фаэтон.
Гэта атрыбут панскага жыцця, мяшчанскага саслоўя. Такі экіпаж выкарыстоўвалі ў гарадскім асяроддзі. Гэты ўнікальны экспанат прыехаў у музей з Мінска.
Нашы продкі не толькі рухаліся па зямлі ці плавалі па вадзе. Уласціва ім была і прага ўзняцца да нябёсаў. Агульнавядома, што піянерамі палётаў над зямлёй былі кітайцы з іх паветранымі змеямі, а першы дэльтаплан пабудавалі па чарцяжах Леанарда да Вінчы.
Гонар музея пад адкрытым небам - даступныя кожнаму палёты на самым даступным "нябесным" транспартным сродку - дэльтаплане, вядома ж, сучасным, але захаваўшым галоўныя свае вартасці: адкрытая кабіна - яна дае магчымасць атрымаць самыя натуральныя эмоцыі - ад судакранання з ветрам і адкрытай паветранай прасторай.
Строчыцы ўражваюць з вышыні птушынага палёту, як і ўнікальныя ўсе этнапраекты, якія адкрывае і ўдасканальвае мясцовы этнамузей. Карта мерапрыемстваў установы штомесяц узбагачаецца, яны адкрываць наведвальнікам цудоўны свет беларускай народнай культуры.