Беларускія селекцыянеры вывелі высокабялковы сорт белага лубіну

Беларускія селекцыянеры вывелі высокабялковы сорт белага лубіну. Новая культура дазволіць аграрыям атрымаць якасныя кармы для жывёл, што істотна знізіць залежнасць ад дарагой замежнай сыравіны.
"Суперфуд" для жывёл - так самі навукоўцы называюць магутную прыродную "пратэінавую фабрыку". Новы сорт белага лубіну, які атрымаў назву "грэк", ураджайны і ўстойлівы да хвароб. У перспектыве можа палепшыць уласцівасці кармоў для жывёл, а значыць станоўча паўплываць на якасць малака, мяса і яек.
"Лубін белы адрозніваецца высокім утрыманнем тлушчу і бялку: тлушчу - больш за 10 %, бялку - 36-38 %. Гэта добрая альтэрнатыва соі, яна можа саступаць па незаменных амінакіслотах, але па ўраджайнасці яна лепшая за сою ў два і больш разоў. Да таго ж соя можа адзін год не выспець, другі год выспее, а лубін белы больш стабільная культура. Гэты сорт лубіну можа даваць ураджайнасць больш як 50 ц", - расказаў навуковы супрацоўнік аддзела зернебабовых культур НПЦ НАН Беларусі па земляробстве Аляксандр Казлоўскі.
Белы лубін не проста мае ўражальныя характарыстыкі, ён ідэальна адаптаваны да кліматычных умоў Сінявокай. Для Беларусі культура параўнальна новая.

Міхаіл Крыцкі, загадчык аддзела зернебабовых культур НПЦ НАН Беларусі па земляробстве:
"У Беларусі прыкладна з 1950-1960-х гадоў пачаў распаўсюджвацца лубін жоўты. У лепшыя гады ў Беларусі яго было каля 500 га. Потым у сувязі з тым, што лубін часта перасявалі, ён пачаў хварэць. На змену яму прыйшла эра ўжо лубіну вузкаліснага, а зараз пачалася эра лубіну белага. У пачатку 1990-х гадоў лубін белы лічыўся познаспелым відам, патрабаваў вялікай колькасці станоўчых тэмператур і не ўсе гады выспяваў, але селекцыя не стаяла на месцы, былі створаны формы, якія ўжо ва ўмовах Беларусі дазваляюць гэтаму сорту спець".
"Грэк" ужо прайшоў раяніраванне і афіцыйна дазволены да выкарыстання на ўсёй тэрыторыі Беларусі.







