"Белавія" запусціла прамы рэгулярны рэйс у Бангкок
"Белавія" запусціла рэгулярныя прамыя авіярэйсы па маршруце Мінск - Бангкок. Гэтай ноччу першыя пасажыры ўжо адправіліся ў сталіцу Каралеўства Тайланд.
Тым, хто сярод дажджлівай восені або халоднай зімы марыць аб трапічным раі, - увага на табло вылетаў. Яно папоўнілася яшчэ адным прывабным радком. Новы напрамак - "Венецыя Усходу". Так нярэдка называюць адзін з самых дынамічных мегаполісаў Паўднева-Усходняй Азіі - Бангкок.
Гэта самы наведвальны горад свету ў 2025 годзе. Больш за 30 млн замежных турыстаў прыняў горад кантрастаў, дзе старажытныя храмы сябруюць з сучаснымі небаскробамі. Усю душу тайскай сталіцы цяпер бліжэй могуць пазнаць і беларусы.
Бангкок - ужо трэці маршрут у Тайланд з Беларусі. У пачатку 2026 года нацыянальная авіякампанія парадавала рэйсамі ў горад Патая, а яшчэ на востраў Пхукет. Попыт на адпачынак тут апраўдаў усе чаканні (гл. відэа).







