Брэст сустракае ХХХ Міжнародны тэатральны фестываль "Белая Вежа"
Брэст на некалькі дзён стане культурнай сталіцай краіны. 10 верасня ў горадзе над Бугам 30-ы раз адкрылі міжнародны фестываль "Белая Вежа". Яго ўдзельнікам, арганізатарам і гасцям прывітанне накіраваў Прэзідэнт Беларусі.
Гэты сезон - святочны і асаблівы. У афішы тэатральнага форуму заяўлены калектывы з 11 краін: Беларусі, Азербайджана, Арменіі, Балгарыі, Грузіі, Казахстана, Кітая, Кыргызстана, Манголіі, Расіі і Узбекістана.
Аснову праграмы склалі спектаклі лаўрэатаў мінулых гадоў - тых, каго ўжо палюбіла публіка. Адкрылі форум маштабным прадстаўленнем проста на набярэжнай Брэста: Дзяржаўны акадэмічны тэатр класічнага балета з Расіі паказаў знакаміты балет "Лебядзінае возера".
З моманту пачатку свайго творчага шляху фестываль аб'яднаў на брэсцкай зямлі артыстаў больш чым з 60 краін. Тэма юбілейнага форуму: "Белая Вежа - 30 гадоў разам! Залаты фонд фестывалю".
Аматарам мастацтва прэзентуюць 31 спектакль. Спектр жанраў шырокі: ад музычных і драматычных да эксперыментальных і вулічных прадстаўленняў. Пастаноўкі пакажуць у розных лакацыях горада. Мастацтва па-сапраўднаму аб'яднае народы, бо спектаклі пройдуць на 9 мовах.











