Фестываль "Радасць" сёлета сустракае гасцей на новай пляцоўцы
У Мінску працягваецца праваслаўны фестываль "Радасць". Ужо шосты па ліку форум, прысвечаны святу Пакроваў, сёлета сустракае гасцей на новай пляцоўцы. Велізарны будынак на 12 тысяч квадратаў з кіна-, тэатральнай і музычнай заламі, выставачнымі лакацыямі, гандлёвымі радамі і ўтульным кафэ - культурна-асветніцкі цэнтр "Каўчэг" - дае ўдзельнікам розных узростаў знайсці сабе занятак па душы.
У тым, што "Радасць" для ўсіх, упэўнілася і наш карэспандэнт Наталля Бардзілоўская.
Саксафоны ў сценах Свята-Елісавецінскага манастыра. Такую вольнасць раней нельга было ўявіць. Зараз тут не парушэнне канонаў, а новыя фарматы - для заахвочвання і пашырэння аўдыторыі наведвальнікаў. У рамках фестывалю "Радасць" людзей запрасілі ў культурна-асветніцкі цэнтр "Каўчэг", а яго канцэпцыя - "дом для ўсіх ахвочых".
"Пакроўская Радасць у лічбах" - гэта 120 мерапрыемстваў за 12 дзён для дарослых і для дзяцей. Гэта 30 кінапаказаў, больш за дзясятак "жывых" канцэртаў, пяць выстаў, а яшчэ гэта паўсотні страў - смачных, карысных - ад кафэ культурна-асветніцкага цэнтра "Каўчэг".
Адказная за фестывальную кухню маці Тамара прапануе наведвальнікам манастырскія стравы: свежая выпечка, вегетарыянскія салаты, мяса, рыба і гародніна на грылі. Парады па правільным харчаванні, як і па іншых пытаннях здароўя, даюць на трэцім паверсе "Каўчэга": тут штодзённыя лекцыі ўрачоў. Для выздараўлення і дапамогі пры розных хваробах - шырокі выбар на фестывальным кірмашы. Велізарная зала на ўваходзе ў духоўна-асветніцкі цэнтр - гэта гандлёвыя рады ад удзельнікаў з сямі краін свету і з самых знакавых праваслаўных мясцін Беларусі.
У прыярытэце на форуме - праекты для душы, для адукацыі, для асветніцтва. Так, сёлетні фестываль у тандэме з Музеем старабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук прапанаваў усеагульнай увазе рэдкія творы сакральнага мастацтва. Выстава - з закрытых запаснікаў музея.
А вось гэтую выставу фестывалю прапанаваў Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі. Да 1030-годдзя праваслаўя ў Беларусі звычайныя школьнікі і студэнты цэнтральнага рэгіёна зрабілі макеты - міні-копіі беларускіх храмаў. На форуме ёсць магчымасць не проста палюбавацца на веліч праваслаўных сабораў, увасобленых у мастацтве. "Радасць" дае магчымасць зрабіць добрую справу і ўнесці лепту ў будаўніцтва рэальных новых цэркваў. Агульная скарбонка - тут, на кірмашы.
Са сродкаў, набытых ад кірмашу, яго ўдзельнікі дапамогуць хворым дзецям, жыхарам Данбаса, падтрымаюць уласныя прыходы - рамонт мясцовых храмаў, стварэнне пры цэрквах, можа не такіх маштабных, але блізкіх да "Каўчэга", мясцовых духоўна-асветніцкіх цэнтраў.
Фестываль "Радасць" працягвае натхняць і духоўна ўзбагачаць. "Каўчэг", які велічна паўстаў на тэрыторыі Свята-Елісавецінскага манастыра, наведалі ўжо некалькі тысяч чалавек. Заўтра форум, як і ўвесь праваслаўны свет будзе жыць вялікім святам - Пакровам.







