3.82 BYN
2.77 BYN
3.24 BYN
Мінск падтрымлівае шматдзетных матуль і ў дапамогу прапануе паслугу сацыяльнай няні
Горад актыўна падтрымлівае шматдзетных матуль. І ў дапамогу прапануў паслугу сацыяльнай няні. Толькі сёлета па такую дадатковую хатнюю памочніцу звярнуліся каля сямі соцень шматдзетных сямей.
Асаблівая ўвага і сем'ям, што выхоўваюць асаблівых дзяцей. Марына Мураўёва раскажа пра формы і віды сацыяльнай падтрымкі.
Пяць разоў на тыдзень Святлана Шапялько - сацыяльная няня - дапамагае па гаспадарцы і даглядае маленькіх двайнят - Соф'ю і Сямёна. Акрамя іх, у сям'і Клішчанка яшчэ дзве дарослыя дачкі. Шматдзетная маці кажа: каб захаваць камфортны мікраклімат, звярнуліся па дапамогу сацыяльнай, а значыць - бясплатнай памочніцы.
Працоўны дзень у няні Святланы пачынаецца а дзясятай раніцы. У спісе абавязкаў - кармленне дзетак, прагулкі на свежым паветры, гульні і ўборка дзіцячага пакоя. За чатыры гадзіны паспявае ўсё.
Сёлета паслугай сацыяльнай памочніцы скарысталіся каля сямі соцень сталічных сямей. Больш за 80 з іх выхоўваюць дзетак з фізічнымі абмежаваннямі. Дарэчы, для апошніх сацыяльная дапамога на гэтым не заканчваецца: акрамя матэрыяльных выплат, бясплатных лекаў, прапаноўваюць розныя формы падтрымкі.
Каб атрымаць такую дапамогу, трэба звярнуцца ў сацыяльны цэнтр свайго раёна. А вось агульную псіхалагічную рэабілітацыю можна атрымаць у гарадскім цэнтры сям'і і дзяцей.
Тут танцавальная і арт-тэрапія, камунікатыўная група для падлеткаў, "Тата-школа" і для будучых матуль, заняткі з сабакамі. Спецыяльна абсталяваныя кабінеты дапамагаюць развіваць неабходныя ў паўсядзённым жыцці навыкі ў дзетак з абмежаваннямі і не толькі.
Кабінет эргатэрапіі - самае любімае месца наведвальнікаў цэнтра. Пад імправізаваны шум акіяна тут праходзяць псіхалагічныя трэнінгі, заняткі з цяжарнымі жанчынамі, размовы з бацькамі. Больш за ўсіх гэты пакой рэлаксацыі любяць, зразумела, дзеткі.
Рэабілітацыю ў цэнтры праходзяць і вось гэтыя маладыя людзі з асаблівасцямі развіцця. Андрэй Вадзецкі, напрыклад, разам з сябрамі наведвае заняткі па вакале і рукадзеллі. Цэнтр дапамагае маладому чалавеку раскрыць таленты. У свае 26 Андрэй – суаўтар кнігі "Рыфмы" - зборніка вершаў людзей з асаблівасцямі развіцця.
Сёння ў Мінску больш за 14 тысяч шматдзетных і каля шасці тысяч сямей, якія выхоўваюць дзетак з абмежаваннямі. І любая падтрымка для кожнай з іх будзе дарэчы.















