МНС Беларусі і Расіі правялі сумесныя вучэнні
Паводкі, прыродныя пажары, хімічныя аварыі, паветраная трывога. У гонар 25-й гадавіны ўтварэння Саюзнай дзяржавы МНС Беларусі і Расіі правялі сумесныя вучэнні.
Задзейнічана каля 800 спецыялістаў і 150 адзінак тэхнікі. Прыцягваліся самалёты, верталёты і беспілотнікі. Усё набліжана да рэальных умоў.
Так, пры прарыве дамбы ратавальнікі расчышчалі заторы, апавяшчалі насельніцтва і вывозілі людзей у бяспечную зону на спецыяльных аэрамабілях. Пры гэтым ратавальныя камізэлькі людзям, якія апынуліся ў вадзе, дастаўлялі з дапамогай беспілотнікаў.
Асобная група адпрацоўвала аварыю на горна-хімічным камбінаце: тушыла пажар, астуджала рэзервуары з нафтапрадуктамі, ліквідавала ўзгаранне прыроднага газу. Таксама ратавальнікі эвакуіравалі пасажыраў з самалёта, што здзейсніў аварыйную пасадку, тушылі авіяпаліва, якое разлілося, а цяжка пацярпелых пасажыраў вывозілі санітарнымі самалётамі.
Як адзначылі ўдзельнікі, ратавальнікі Беларусі і Расіі паказалі вельмі высокую зладжанасць працы. Сёння, калі абвострана геапалітычнае становішча, растуць рызыкі ўзброеных канфліктаў, тэрарыстычных атак і тэхнагенных катастроф, эфектыўная праца МНС дзвюх краін асабліва запатрабаваная і важная.







