Напярэдадні Дня Перамогі ў Мінску праходзіць патрыятычны марафон
Падзяка за мірнае неба і віншаванні з вялікім маем! Напярэдадні Дня Перамогі ў сталіцы і вобласці праходзіць патрыятычны марафон: да помнікаў і мемарыялаў ускладаюць кветкі, ушаноўваюць ветэранаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай. Сёння песні Перамогі гучалі ў адрас Браніслава Віктаравіча Карпенкі.
Павіншаваць 95-гадовага ветэрана прыйшлі вучні патрыятычных класаў, кіраўніцтва адміністрацыі Ленінскага раёна сталіцы, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і аб'яднанняў. З гасцямі ветэран падзяліўся гераічнымі ўспамінамі. З усімі жахамі вайны ён сустрэўся ў свае 15. Пазней уступіў у партызанскі атрад, затым юнага абаронцу прызвалі ў Чырвоную армію. Службу Браніслаў Карпенка прадоўжыў і пасля вайны. Доўгі час узначальваў раённую ветэранскую арганізацыю.
Толькі ў Ленінскім раёне сталіцы пражываюць 102 ветэраны і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. Віншаванні і падарункі падрыхтавалі для ўсіх: акружыць клопатам і ўвагай важна кожнага героя!







