3.71 BYN
3.00 BYN
3.41 BYN
"Ноч музеяў" у рубрыцы "Праменад"
"Ноч музеяў" пакіне віртуальную прастору і вернецца ў рэальныя арт-калідоры. Да міжнароднай акцыі, якая пройдзе ўжо заўтра, далучаюцца больш за два дзясяткі ўстаноў сталіцы. Мінск засумаваў па традыцыі культурнай бяссонніцы, і цяпер некаторыя музеі прапануюць праграму да самай раніцы. Нізкі кошт квіткоў, шмат квэстаў і падоўжаны графік працы. Агляд самых маштабных праграм на "Ноч музеяў" у рубрыцы "Праменад". Рэпартаж Лідзіі Заблоцкай.
"Маску!" - гучыць у любым шматлюдным месцы.Яе просяць не забыць і на "Ноч музеяў". Спатрэбяцца адразу дзве, калі плануеце не спаць да самай раніцы. Упершыню за доўгія гады такую магчымасць дае Музей Янкі Купалы. Графік працы ўстановы - ажно да 5 гадзін! У спісе гэта самая працяглая "Ноч музеяў".
Да змяркання прапануюць не проста пабачыць папараць-кветку раней за Купалле, а самім стварыць яе - на шчасце ўсім беларусам. Паралельна ў музеі 10 зон актывацый. Напрыклад, для аматараў фота ў "Інстаграм" - сесія ў Віленскім фотаатэлье. А для пачаткоўцаў-паэтаў - літаратурны Парнас.
Апоўначы можна будзе пабачаць Купалу ў карцінах і графіцы. Лепшыя атрымаюць эксклюзіўныя падарункі. Паралельна ў зале са скульптурамі сям'і мастакоў Гумілеўскіх будзе паказвацца стужка спектакляў "Паўлінка" і "Адвечная песня".
Усім пасля кавідных бар'ераў патрэбная маральная тэрапія. Лячыцца праз мастацтва і гульню - у Музей гісторыі горада Мінска. Квэсты і майстар-класы як рэанімацыя - праз вуліцы горада і дзевяць філіялаў музея. Гэта самая пашыраная карта зон актывацый.
Ад Лошыцкага парку да арт-галерэі "Высокае месца". Заданні з адсылкай да гісторыі медыцыны - у першай праграме. Аб'яднаюць у квэсце галерэю Савіцкага, Ратушу, археалагічны музей і Мінскую конку. Для пераможцаў падрыхтаваны эксклюзіўныя сюрпрызы: рамантычнае спатканне на даху галерэі для дваіх апоўначы, а для кампаніі - ноч кіно ў вагоне Мінскай конкі.
Для тых, хто жадае ў гэтую ноч атрымаць азы мастацтва, адкрыта да 11 гадзін вечара галерэя Шчамялёва. На квадратных арт-метрах абяцаюць "Азарэнне".
Трэцяя лакацыя - аўтэнтычная Лошыцкая сядзіба. Там "гастранамічны дэтэктыў" у квэсце як па зялёнай тэрыторыі, так і ў самім доме.
Канцэпцыя - у яе адсутнасці, скажаце вы, калі ўбачыце праграму ад Нацыянальнага мастацкага. Класічны музей вяртаецца да класічнага экспанавання. Калі не хочаце бегаць у пошуку разгадак па калідорах, а проста захапляцца карцінамі, - вам сюды. Да поўначы дзверы адчынены. Музейшчыкі галоўнай карціннай галерэі прапануюць застацца сам-насам з мастацтвам. Магчымасць атрымаць асалоду ад таго ж Айвазоўскага ў цішыні перапыняць толькі адзін раз.
"Ноч музеяў" - час недзіцячы, таму з павагай да маленькіх мастакоў Цэнтр сучасных мастацтваў разарваў шаблоны. З 10 гадзін раніцы пачуеце тут дзіцячыя распеўкі. Парушыць традыцыйную цішыню ў музеі можна толькі заўтра. А яшчэ стварыць свае шэдэўры з прафесіяналамі непасрэдна ў залах цэнтра.
Усяго 20 музеяў Мінска далучаюцца да міжнароднай акцыі і не плануюць выключаць святло ў сваіх калідорах. З праграмамі можна азнаёміцца больш падрабязна на афіцыйным сайце "Ночы музеяў у Беларусі".