3.67 BYN
3.03 BYN
3.48 BYN
Ардэнаносца і ганаровага грамадзяніна Мінскай вобласці Аляксандра Слабаду ўшаноўвала кіраўніцтва сталіцы і вобласці
Цёплыя словы сёння гучалі ў адрас аднаго з самых знакамітых франтавікоў, уладальніка дзясяткаў узнагарод за абарону Радзімы, ардэнаносца і ганаровага грамадзяніна Мінскай вобласці Аляксандра Слабады. Да стагадовага героя вайны завітала дэлегацыя з губернатарам цэнтральнага рэгіёна.
За цёплай сустрэчай паназірала карэспандэнт Наталля Бардзілоўская.
Шматпавярхоўка на вуліцы Кульман у Мінску. Вокны на шостым паверсе, дзвярамі не памылішся: шыльда "Тут жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны" падкрэслівае асаблівы грамадзянскі статус жыхара і выклікае да яго асаблівыя пачуцці. Зрэшты, гасцявы маршрут да гэтага чалавека даўно пракладзены - тут пражывае адзін з самых вядомых і гасцінных ветэранаў вайны, герой і ардэнаносец Аляксандр Слабада.
Вайну Аляксандр Іванавіч сустрэў 20-гадовым юнаком і за чатыры гады Вялікай Айчыннай паспеў пражыць асобнае вялікае жыццё. Удзельнік баёў пад Бялынічамі і на Буйніцкім полі Магілёва, абаронца Масквы, камандзір роты аўтаматчыкаў і разведчык: у 1942 годзе ён быў закінуты ў тыл ворага і ваяваў у партызанскай брыгадзе Ленінскага камсамолу.
Паказаць, як усё гэта было, Аляксандру Іванавічу цяжка - час быў не да фотакартак. Таму, гартаючы сямейны альбом, хваліцца здымкамі і поспехамі нашчадкаў. З сумам глядзіць на партрэты бацькоў - бацьку і маці ветэран страціў падчас вайны. Пакуль ваяваў, іх забілі фашысты. Ён помсціў. Тройчы быў паранены. Падлечвалі ў шпіталях - і зноў ірваўся на фронт. Пасля Перамогі працаваў на аднаўленні народнай гаспадаркі і ў мірным жыцці стаў перадавіком. Герой Сацыялістычнай Працы, уладальнік ордэна Леніна і медалёў "Серп і Молат" сёння прымаў ганаровых гасцей. Павіншаваць ветэрана з Днём Перамогі і прыехаў губернатар цэнтральнага рэгіёна Аляксандр Турчын. Ён падзякаваў ветэрану за асабісты ўклад у развіццё Мінскай вобласці.
Аляксандр Турчын, старшыня Мінаблвыканкама: Дзякуючы такім людзям, як Аляксандр Іванавіч, мы сёння жывём у нашай незалежнай краіне. Аляксандр Іванавіч прайшоў увесь шлях Вялікай Айчыннай вайны ад пачатку да завяршэння і шмат зрабіў для нашай Міншчыны і ў мірны час. Я хачу пажадаць Аляксандру Іванавічу здароўя, каб мы яшчэ не адзін дзень яго нарадэння і свята Перамогі сустракалі разам.
Прывітанні, кошык пачастункаў і кветкі. Але такога падарунка Аляксандр Іванавіч наўрад ці чакаў: макет аўтамата ППШ ваеннаму аўтаматчыку Слабадзе перадалі ад Міністэрства абароны і сённяшніх служывых.
Афіцэрская выпраўка. Мужчынская абаяльнасць. Усмешлівасць і пачуццё гумару. Да сённяшняга партрэта Аляксандра Іванавіча Слабады (між іншым, стагадовага юбіляра) можна дадаць яго мудрыя пажаданні нам, сучаснікам.
Моладзі такі наказ - памятайце і любіце сваіх абаронцаў Радзімы. Яны разграмілі фашысцкую Германію і далі добрае і радаснае жыццё нашай моладзі. Памятайце пра гэта і ніколі не забывайце!