Ратавальнікі Беларусі, якія прымалі ўдзел ва ўборачнай, наведалі Палац Незалежнасці
22 кастрычніка Палац Незалежнасці расчыніў дзверы для тых, хто прывык рызыкаваць сабой дзеля іншых, але гэтым летам зрабіў сапраўдны працоўны подзвіг на палях Беларусі.
Размова ідзе пра супрацоўнікаў МНС, якія прынялі актыўны ўдзел ва ўборачнай. На час жніва ратавальнікі сталі камбайнерамі і іх памочнікамі, вадзіцелямі, трактарыстамі-машыністамі і аператарамі зернеачышчальна-сушыльных комплексаў.
А лічбы падкрэсліваюць маштаб працы. У складзе экіпажаў супрацоўнікі МНС намалацілі больш за 200 тыс. тон збожжавых разам з рапсам. І тут ёсць свае героі. Пяцёра пераадолелі адзнаку 3 тыс. тон, а трое перавысілі 4 тыс. тон.
Экскурсія ў сімвал беларускай дзяржаўнасці стала свайго роду прызнаннем і заслужанай узнагародай за ўклад у агульную справу.
"Пры выкананні сваіх абавязкаў мы змагаемся за жыццё людзей у прамым сэнсе гэтага слова, а на палях змагаемся за ўраджай, каб не пакінуць людзей без хлеба. Як гаворыцца, хлеб усяму галава. Убіралі мы такія культуры, як рапс азімы, ячмень азімы, яравы, пшаніцу азімую, трыцікале. Надвор'е сёлета было няпростае", - падзяліўся старшы інструктар-ратавальнік Ляхавіцкага РАНС Раман Папко.
На свае вочы ўбачыць, дзе працуе Прэзідэнт, дакрануцца да гісторыі Палаца, да яго архітэктуры і інтэр'ераў - гэта зачын на будучыню працаваць з яшчэ большай матывацыяй, адзначылі ратавальнікі.
Цікавасць да Палаца Незалежнасці расце, бо ў адрозненне ад іншых краін, дзе падобныя будынкі застаюцца недаступнымі для шырокай публікі, у Беларусі сімвал дзяржаўнасці адчынены для простых людзей.







