3.72 BYN
2.93 BYN
3.38 BYN
Рубрыка "Праменад" прапануе культурны маршрут на выхадныя ў Мінску
Вялікі тэатр анансуе праграму Каляднага опернага форуму і ў пачатку наступнага тыдня запрашае меламанаў у камерную залу тэатра. Там прапануюць праграму вакальных шэдэўраў нямецкага кампазітара Рыхарда Штрауса. Ангажуе эстэтаў на арт-баталіі трыенале "Канцэпт". Праект прапісаўся не толькі ў залах Палаца мастацтваў, да форуму далучылася і галерэя Шчамялёва. Культурны маршрут на выхадныя прапануем у рубрыцы "Праменад".
Эпоха Рэнесансу ўжо ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў. Выстаўляюць аўтара, чыё імя стала сінонімам паняцця "Адраджэння" - Рафаэля. Пэндзлю Санці належыць знакамітая "Сіксцінская Мадона" (любімае палатно Дастаеўскага і Гётэ). Прагляд у Мінску пачынаюць з так званай бібліі Рафаэля. Калі рухацца злева направа, можна абысці па крузе фактычна ўвесь Новы Запавет.
Менавіта гэтыя сюжэты ўпрыгожваюць скляпенні "ложаў Ватыкана". 52 кампазіцыі майстра, які паўплываў на сусветнае мастацтва манументальна, гэта аповед пра біблейскія сцэны. 90 арыгінальных гравюр і літаграфій афіцыйнага мастака папскага двара і галоўнага архітэктара Сабора святога Пятра першай у Еўропе ацэніць беларуская публіка. Прэм'ерная экспазіцыя збіралася з прыватных калекцый Вялікабрытаніі і Германіі. Выставачную прастору даверылі і беларускім аўтарам, паслядоўнікам высокага Адраджэння.
Віцебская школа авангарда ў галерэі Шчамялёва. Канцэпт працягваюць персанальным праектам Аляксандра Салаўёва. Аўтар быў верны не толькі абстракцыі, стварыў сотні дэкарацый для спектакляў паводле п'ес Шэкспіра, Гогаля, Караткевіча. Служыў галоўным мастаком Віцебскага драматычнага тэатра імя Коласа. Дарэчы, да канцэптуальнага дыялогу ўжо на наступным тыдні далучыцца і арт-прастора "Высокае месца".
7 сезонаў у антракце і Міжнародны конкурс піяністаў зноў сабраў віртуозаў. Паўсотні выканаўцаў з 7 краін свету вядуць музычныя баталіі на сцэне кансерваторыі і Белдзяржфілармонii. Агульны прызавы фонд форуму каля 30 тысяч еўра.
Вырашальныя ноты класічнага марафону пачуем 10 снежня, выканаўцы загучаць у дуэце з сімфанічным аркестрам Беларусі. Удзельнікі могуць звярнуцца да партытур Бетховена, Шапэна, Брамса, Пракоф'ева. Ацэняць як складанасць твора, так і тэхніку выканання. Мізансцэны міжнароднага форуму зафіксавалі і перасовачныя станцыі медыяхолдынга. Тэлеверсію ацэнім ужо ў нядзелю на "Беларусь 3".
Рускі імпрэсіянізм разбіраюць на цытаты ў Нацыянальнай бібліятэцы. Да 160-годдзя Канстанціна Каровіна дзеляцца біяграфіяй майстра і рэпрадукцыямі яго работ. Ажыўшыя карціны ўжо ў Нацыянальным мастацкім. Там прэзентавалі інклюзіўны праект, ён робіць арт даступным для кожнага. Такім быў дайджэст гэтага тыдня. Сачыце за навінамі ў рубрыцы "Праменад" кожную пятніцу і выбірайце свой культурны маршрут.















