Трагічныя 872 дні: 8 верасня адзначаецца Дзень памяці ахвяр блакады Ленінграда

8 верасня - Дзень памяці ахвяр блакады Ленінграда. Адна з самых страшных трагедый у гісторыі Вялікай Айчыннай доўжылася 872 дні. 8 верасня 1941 года горад апынуўся ў цісках варожага кальца, што адрэзала яго ад Вялікай зямлі.
У абложаным Ленінградзе аказаліся каля 2,5 млн чалавек, у тым ліку 400 тыс. дзяцей. За гады блакады на горад абрынулася 150 тыс. цяжкіх артылерыйскіх снарадаў і больш за 107 тыс. запальных і фугасных бомб. Было разбурана каля 3 тыс. будынкаў, звыш 7 тыс. пашкоджана.
Асаблівую ўвагу ленінградцы надавалі захаванню галоўных помнікаў: іх укрывалі мяшкамі з пяском, фанернымі шчытамі, а некаторыя скульптуры закопвалі ў зямлю. Голад стаў галоўным выпрабаваннем для жыхароў.
З 20 лістапада 1941 года мінімальная норма хлеба для дзяцей, служачых і ўтрыманцаў складала 125 г за суткі.
Сувязь з астатняй краінай падтрымлівала "Дарога жыцця" праз Ладажскае возера. Па ёй у горад дастаўлялі харчаванне, паліва і боепрыпасы, а з Ленінграда эвакуіравалі жыхароў. Толькі за першую зіму па лядовай дарозе вывезлі больш як 550 тыс. чалавек і даставілі 361 тыс. тон грузаў.
18 студзеня 1943 года войскі Ленінградскага і Волхаўскага франтоў прарвалі блакаднае кальцо. Поўнасцю горад вызвалілі 27 студзеня 1944 года. Памяць аб загінуўшых і тых, хто перажыў блакаду, захоўваецца ўжо 85 гадоў.











