У Беларусі падоўжылі зямельную амністыю да 1 студзеня 2028 года

У Беларусі падоўжана зямельная амністыя. Да 1 студзеня 2028 года падаўжаецца магчымасць набыцця ў прыватную ўласнасць або арэнду зямельных участкаў з прымяненнеми паніжальных каэфіцыентаў.
Размова ідзе пра зямлю, якая знаходзілася ў карыстанні землекарыстальнікаў па стане на 1 верасня 2022 года.
Мікалай Бабёр, намеснік старшыні Дзяржкамітэта па маёмасці Беларусі:
"Пашыраюцца падставы для прымянення зямельнай амністыі за кошт распаўсюджвання яе таксама на выпадак самавольнага заняцця зямельных участкаў для вырошчвання сельскагаспадарчых культур і размяшчэння нестацыянарных аб'ектаў. Замацоўваецца права выканкамаў у рамках зямельнай амністыі ў пэўных выпадках даваць зямельныя ўчасткі ў памерах, што перавышаюць усталяваныя заканадаўствам лімітавыя памеры".
Акрамя таго, райвыканкамам дадзены паўнамоцтвы для дзяржаўных патрэб прымаць рашэнні аб выняцці і даванні зямельных участкаў для будаўніцтва аб'ектаў, якія ўзводзяцца ў інтарэсах рэгіёна або дзяржавы.







