У Беларусі зафіксаваны першы смяротны выпадак атручэння грыбамі

Першы смяротны выпадак атручэння грыбамі ў гэтым сезоне зафіксаваны ў Беларусі.
У 39-гадовага жыхара Магілёўскай вобласці пасля абеду ляснымі дарамі з'явіліся боль у жываце, млоснасць, ваніты і дыярэя. Выратаваць пацыента не ўдалося - на сёмы дзень ён памёр. Як растлумачылі ў Дзяржкамітэце судовых экспертыз, прычына смерці - ужыванне ў ежу ядавітых грыбоў.
Усяго ў гэтым сезоне ў рэспубліцы звыш 30 чалавек атруціліся грыбамі, з іх 6 дзяцей.
Пры зборы грыбоў варта памятаць пра залатое правіла "не ўпэўнены - не бяры", а таксама не зразаць чарвівыя і старыя грыбы. Не варта збіраць дары лесу ў экалагічна небяспечных месцах: побач з аўтамабільнымі дарогамі, чыгуначнымі пуцямі і прамысловымі прадпрыемствамі.
Пры з'яўленні першых сімптомаў недамагання лепш звярнуцца да ўрача, а да прыезду медыкаў варта прыняць адсарбенты і выпіць шмат вады.







