У кінатэатры "Масква" прайшоў вечар памяці да 90-годдзя з дня нараджэння Віктара Турава
У кінатэатры "Масква" прайшоў вечар памяці Віктара Турава. Сустрэча прысвечана 90-годдзю з дня нараджэння заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, народнага артыста БССР і СССР, кінарэжысёра і сцэнарыста.
Вечар пад назвай "Кіно, якое застаецца з намі" стаў часткай праграмы кінафестывалю "Лістапад". Сярод гасцей - прыхільнікі творчасці Турава, яго калегі, вучні, сябры і сваякі. Сваімі ўспамінамі пра Віктара Цімафеевіча падзяліліся народны артыст Расіі Мікалай Бурляеў, народны артыст Беларусі Уладзімір Гасцюхін, заслужаная артыстка Беларусі Святлана Сухавей, а таксама блізкія рэжысёра.

Алена Турава, дачка Віктара Турава, рэжысёр анімацыйнага і ігравога кіно, сцэнарыст:
"Год сапраўды юбілейны, мы адзначаем адразу дзве даты: 90-годдзе вялікага майстра і даволі сумную дату - 30 гадоў, як яго няма з намі. Гэтыя даты размешчаны блізка, так ужо выйшла. Асабліва грэе тое, што ў гэтую гадавіну ў краіне ўсюды праходзяць вечары памяці, экспазіцыі, выставы".

Арцём Тураў, сын Віктара Турава:
"Праз такія вечары маладыя акцёры, кінематаграфісты атрымліваюць нешта новае. Таму што Віктар Цімафеевіч быў тым чалавекам, які стаяў ля вытокаў стварэння нацыянальнай школы кінематаграфіі Беларусі і ўнёс значны ўклад у развіццё кінематографа Рэспублікі Беларусь. Фільмы бацькі вельмі актуальныя. Я думаю, што людзі, якія сутыкнуліся з творчасцю Віктара Цімафеевіча, зусім па-іншаму зірнуць на сваё месца ў жыцці ў цэлым. Адносіны да жыцця, я ўпэўнены, зменяцца".
У кінатэатры таксама працавала экспазіцыя да юбілею рэжысёра. Сярод экспанатаў - фатаграфіі са здымачнай пляцоўкі, ілюстрацыі да фільмаў, касцюмы герояў і партрэт Віктара Турава.







