У Купалаўскім тэатры адбылася прэм'ера "Сэрца на далоні"
Галоўная акадэмічная сцэна сталіцы ўзята без бою, але з аншлагам. У тэатры імя Янкі Купалы - навінка. Першая прэм'ера 107-га тэатральнага сезона - "Сэрца на далоні" паводле рамана Івана Шамякіна. Дарэчы, білеты на прэм'еру раскупілі крыху больш чым за месяц да першага званка.
Беларускую душу і найскладанейшы псіхалагічны пласт рамана даследаваў расійскі рэжысёр Дзмітрый Акімаў - новы мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Каб паставіць гэты спектакль, яму давялося не проста перачытаць класіку, а літаральна прапусціць яе праз сябе і загаварыць з аўтарам на адной мове.
"Спектакль вельмі складаны з тэхнічнага пункту гледжання. Уся пастаноўка ідзе выключна на беларускай мове. Сам я з іншай краіны, таму спачатку знаёміўся з матэрыялам на рускай. Але цяпер актыўна пагружаюся ў беларускую культуру, вучу мову і ўжо магу спакойна чытаць з ліста", - расказаў рэжысёр Дзмітрый Акімаў.
Нацыянальны акадэмічны тэатр працягне хваліцца навінкамі ў новым сезоне. У снежні плануецца прэм'ера па рамане Яўгена Хвалея "Прынцэса тусоўкі". А для самых маленькіх тэатралаў рыхтуецца спектакль, які будзе ўключаць 4 казкі беларускага фальклору.







