У Мінску пашырылі зону дзеяння платных парковак
Зона платных парковак працягвае пашырацца ў Мінску. У цэнтры горада з'явіліся дзве лакацыі, дзе зараз прыйдзецца плаціць, а да канца жніўня платным стане паркінг і ў адным буйным жылым раёне. Вадзіцеляў просяць улічваць змяненні. Гэта не адзіныя перамены. З 1 верасня змяняюцца правілы фіксацыі і аплаты правапарушэнняў.
Сталічным аўтамабілістам варта быць вельмі ўважлівымі. У Мінску пашыраецца зона платных парковак. Зараз плаціць за месца прыйдзецца на вуліцы Старавіленскай, а таксама па праспекце Машэрава. Паркоўка знаходзіцца каля музейна-паркавага комплексу "Перамога". На абедзвюх лакацыях ужо нанеслі сінюю разметку і ўсталявалі інфармацыйныя стэнды.
Платнымі сталі яшчэ 146 машына-месцаў: 66 з іх размешчаны на вуліцы Старавіленскай, а яшчэ 80 - на праспекце Машэрава. Акрамя таго, да канца жніўня платную зону ўладкуюць і на вуліцы Ташкенцкай, каля "Чыжоўка-Арэны". Там спецыялісты ўжо завяршаюць нанясенне спецыяльнай разметкі і мантаж інфармацыйных знакаў.
Яшчэ адна важная навіна чакае вадзіцеляў з 1 верасня. Сталічныя паркоўкі цалкам адмаўляюцца ад папяровых квітанцый. Звыклыя жоўтыя бланкі пад дворнікамі заменяць на электронныя апавяшчэнні. Зараз уся гісторыя парушэнняў будзе адлюстроўвацца ў асабістым кабінеце аўтаўладальніка на платформе Parkouka.by. Зрабіць плацеж за неаплачаную стаянку можна будзе за пару клікаў праз сістэму ЕРІП.
З прыемных правіл: першыя 15 хвілін паркоўкі і ўвесь начны час застаюцца бясплатнымі. Плаціць за машына-месца трэба толькі ў перыяд з 08:00 да 18:00. Гадзіна стаянкі абыдзецца ад 1 да 7 рублёў у залежнасці ад зоны, таксама даступныя абанементы. Для так званых зайцаў штраф нязменны - адна базавая велічыня, г. з. 45 руб.
Сёння парковачная карта Мінска налічвае больш за 70 платных парковак на 7 тыс. месцаў. Ужо да 1 верасня лічбу давядуць да 8 тыс., а да канца года платны фонд пераваліць за 10 тыс. машына-месцаў. Глабальная задача - разгрузіць сталіцу ад затораў і хаатычнай паркоўкі.







