У Саўміне разгледзелі пакет прагнозных дакументаў на 2027 год

Мы часта чуем: "Будзе працаваць эканоміка - будзе ўсё астатняе". Чаму так? Калі ўявіць, што дзяржава - гэта будынак, то сацыяльная сфера, культура, спорт, турызм - гэта яго паверхі, а эканоміка, якая працуе, - жалезабетонны падмурак. І калі ён трывалы, то і дзяржава стаіць цвёрда, незалежна ад знешніх фактараў.
Беларусь не асобны востраў і не можа існаваць сама па сабе. Сітуацыя ў свеце, зразумела, уплывае на жыццё грамадзян краіны: рост сусветнага ВУП запавольваецца, асноўныя гандлёвыя партнёры Беларусі таксама зніжаюць свае планкі росту, а краіна павінна гэта ўлічваць. Ключавым новаўвядзеннем 2027 года стане паскарэнне вытворча-інвестыцыйнай праграмы: патрэбны максімальны эфект ад стварэння новай прадукцыі.
У цэлым прыярытэты на 2027 год не мяняюцца - гэта сацыяльная сфера, выдаткі на аплату працы, падтрымка эканомікі. ВУП у наступным годзе прагназуецца ў межах каля 360 млрд рублёў, што і дазволіць павысіць дабрабыт беларусаў. Рост рэальнай зарплаты прагназуецца крыху больш чым на 3 %.
Хацелася б, каб жыццё не даражэла вельмі хутка. Нацбанк прапануе ўраду абмежаваць інфляцыю планкай у 6 % - гэта крыху менш, чым у 2026 годзе. Каб фінансавая сістэма краіны працавала спакойна і без збояў, будуць сачыць за праблемнымі актывамі - іх доля не павінна перавышаць 10 %.
У падатковай палітыцы рэзкіх змяненняў не чакаецца. Прадугледжваецца толькі кропкавая настройка па асобных адлічэннях. Узровень падатковай нагрузкі ў гэтую пяцігодку не павінен перавышаць 26 %, Мінфін мае намер утрымліваць паказчык ніжэй за гэтую планку.
Выснова адна: толькі эканоміка, якая зарабляе, дазваляе ўкладваць сродкі ў навуку, інавацыі, лічбавізацыю, будаўніцтва новых аб'ектаў, мадэрнізацыю прадпрыемстваў і інфраструктуры. Гэта і ёсць зачын для камфортнага жыцця грамадзян Беларусі.







