3.82 BYN
2.77 BYN
3.24 BYN
Ля Палаца спорту пройдзе грандыёзнае фізкультурна-спартыўнае свята
Відавочна не пройдзе бокам і для гасцей беларускай сталіцы і, безумоўна, саміх мінчан маштабнае святкаванне Дня горада. Ужо заўтра Мінск сустрэне свой 951-ы дзень нараджэння. Вуліцы горада ператворацца ў маляўнічыя пляцоўкі. Канцэрты, модныя шоу, фэст гістарычнай рэканструкцыі. У святочным раскладзе - больш як паўсотні мерапрыемстваў. Адна з асноўных пляцовак разгорнецца ля Палаца спорту, дзе чакаецца грандыёзнае фізкультурна-спартыўнае свята. Тут пройдуць забегі на роліках, стартуе вялікая ветразная і вяслярная рэгата, паказальныя выступленні каратыстаў, барацоў, майстар-класы па шахматах і валейболе, спаборніцтвы па баскетболе "тры на тры". Чакаецца ўдзел у спартыўным свяце Кіраўніка дзяржавы. Больш падрабязна аб маючай адбыцца падзеі - Алена Гарэльчык.
Мы вырашылі дапамагчы хлопцам падрыхтаваць пляцоўку да фіналу Нацыянальнай лігі, які пройдзе ў рамках святкавання Дня горада. Акрамя таго, тут жа адбудуцца тэставыя спаборніцтвы да Еўрапейскіх гульняў сярод жаночых каманд.
Дзве зборныя з Беларусі, а таксама Расіі, Латвіі, Літвы і Украіны згуляюць у баскетбол "тры на тры" - той самы, які не толькі ўваходзіць у праграму II Еўрапейскіх гульняў, але і дэбютуе на Алімпіядзе ў Токіа.
Вучыць мінчан і гасцей сталіцы майстэрству катання на роліках будуць нашы канькабежцы. Удзельніца нядаўніх Алімпійскіх гульняў Марына Зуева ўпэўнівае: яе майстар-клас дапаможа стаць на ролікі нават зусім неспрактыкаваным і маленькім спартсменам.
Для ролераў з досведам прадугледжаныя, вядома, спаборніцтвы. Чакаецца і ўдзел у іх Кіраўніка дзяржавы. Спаборніцтвы пройдуць у фармаце мас-старту.
Яшчэ адна спаборніцкая зона будзе аддадзеная валейбалістам. Стрыт-варкаўт і гіравы спорт прыйдуцца па душы аматарам сілавога экстрыму. І тут гасцей свята чакае самае яркае відовішча - 4 легкавыя аўтамабілі агульнай масай 8 тон - для сапраўдных мужчын ссунуць гэтую масу з месца праблем, мяркую, не даставіць.
Свая праграма чакае і аматараў веславання. У 11 раніцы на ваду спусцяць драган-боўт, гэта вялікае каноэ на 10 месцаў з галавой і хвастом дракона, прывезенае ў Беларусь спецыяльна з Польшчы. Наперадзе барабаншчык - ён задае рытм для ўсяго экіпажа.
У Беларусі стала добрай традыцыяй адзначаць нацыянальныя святы са спартыўным размахам. Гэта шанец адкрыць для сябе новыя віды спорту або паспрабаваць свае сілы ва ўжо вядомых. Але самае галоўнае - гэта магчымасць адчуць сябе хутчэйшым, вышэйшым, мацнейшым, а значыць - здабыць упэўненасць і атрымаць зарад толькі станоўчых эмоцый.















