3.78 BYN
2.97 BYN
3.44 BYN
У Брэсцкую крэпасць прыходзяць тысячы людзей, каб запаліць свечку памяці
Роўна 77 гадоў назад, досвіткам Брэсцкая крэпасць першай прыняла на сябе ўдар праціўніка. Фашысцкая Германія ўварвалася ў Савецкі Саюз без аб'яўлення вайны. Але гарнізон, у найцяжкіх умовах, без вады і з недахопам боепрыпасаў, стойка трымаў абарону. Гэты подзвіг забыць немагчыма.
Раніцу 22 чэрвеня ў мемарыяльным комплексе сустракаюць па-асабліваму трапятліва. Падрабязней - Вікторыя Патоня.
У гэтую журботную дату ў мемарыяльным комплексе асаблівая атмасфера. Брэсцкая крэпасць застаецца адным з галоўных сімвалаў мужнасці і стойкасці. Бо праціўнік планаваў захапіць яе за 8 гадзін. Але абаронцы, ваюючы ў няроўным баі, пратрымаліся месяц. Менавіта сюды досвіткам 22 чэрвеня і прыходзяць тысячы людзей, каб запаліць сваю свечку памяці.
Самы доўгі дзень у годзе тут заўсёды пачынаецца з жалобнай цырымоніі. А палове чацвёртай раніцы, ля Вечнага агню. Хроніка падзей першых дзён вайны - на экранах і ў лазерным шоу. Здаецца, што дым ізноў ахутвае цытадэль.
У памяць аб загінуўшых воінах пагранічнікі на воды Буга спусцілі вянкі. Кветкі і свечкі ляглі да пліт некропаля, дзе яшчэ шмат невядомых прозвішчаў. У хвіліну маўчання тысячы людзей схілілі галовы. У журботную дату ўспомніць тых, хто "паміраў, але не здаўся", у Брэст прыехалі шматлікія дэлегацыі. Санкт-Пецярбург, Масква, Ніжні Ноўгарад, Кіеў… быць у гэтую раніцу тут для шматлікіх - святы абавязак.
Уладзімір Чарненка, удзельнік мітынгу-рэквіема (Расія): "Наша дэлегацыя прыбывае сюды ўжо трэці год запар на гэтае памятнае мерапрыемства для таго, каб ушанаваць памяць нашых бацькоў і дзядоў, якія для нас абаранілі нашу зямлю. А нам у Калінінградзе яшчэ і заваявалі. Савецкі Саюз паклаў 27 млн жыццяў на алтар гэтай Перамогі. І я думаю, што аб гэтым ніколі нельга забываць".
У пяць раніцы на Кобрынскім умацаванні зноў дрыжала зямля, раздаваліся стрэлы і выбухі. Перадаць атмасферу трагічнага супраціўлення ў першыя дні вайны пастараліся рэканструктары. Энтузіясты з 11 краін узнавілі ключавыя эпізоды абароны цытадэлі, заснаваныя на ўспамінах сведак і ветэранаў. Сярод іх - напад на мяжы, узяцце ў палон мясцовых жыхароў, атака Мацівасяна, апошні бой маёра Пятра Гаўрылава.
Сяргей Пятроў, удзельнік рэканструкцыі (Расія): "Аб гэтым мы чыталі кнігі, глядзелі фільмы і ўдзельнічаць у гэтым гэта проста вялікі гонар".
Вікторыя Гусева, юнармеец (Расія): "Я думаю, што гэта патрыятызм сапраўдны і гераізм з боку нашых суайчыннікаў. І я лічу, што дзякуючы іх самаахвярнасці мы змаглі перамагчы".
Сёлета ў рэканструкцыю дадалі эпізодаў. На поле бою выйшлі звыш 500 чалавек, задзейнічалі піратэхніку, матацыклы, бронеаўтамабілі і нават грузавік на дровах.
Добра, што гэтая вайна "панарошку". І не дзеля забавы, а каб памяталі: якой цаной дасталася мірнае неба над намі.