У Мінскай вобласці выбралі лепшага вадзіцеля школьнага аўтобуса
У Мінскай вобласці назвалі імя лепшага вадзіцеля школьнага аўтобуса. Сёлета ганаровы статус у Анатоля Пілецкага з Капыльскага раёна. Журы ацэньвала тэорыю і праходжанне паласы перашкод. Падрабязнасці ў Аляксандры Гойтан.
"Лепшы вадзіцель школьнага аўтобуса"
Лінейка гатоўнасці для вадзіцеляў школьных аўтобусаў. Больш за 20 машын у жоўтым, за рулем узорныя прафесіяналы з кожнага раёна Мінскай вобласці. 28 жніўня фінал конкурсу прафмайстэрства за тытул "Лепшы вадзіцель школьнага аўтобуса".
Конкурс з унікальнай для Беларусі ініцыятывай, які 4 гады курсіруе выключна па Мінскай вобласці. Стаж і ўзрост вадзіцеляў-канкурсантаў не мае значэння, галоўнае - дасканаласць ведаў дарожных правіл і філіграннае манеўраванне за рулём школьнага аўтобуса.
Конкурсныя выпрабаванні праходзілі на 2 лакацыях. Першы тур - у Ждановіцкай школе. Тэорыя з віртуальнымі заданнямі. Акцэнт на сітуацыі з удзелам аўтобусаў. На выкананне 20 задач - да 10 хвілін. Хуткасны рэкорд у Анатоля Партасёнка - 8 хвілін 40 секунд.
Другі тур - тэст-драйв на імправізаванай паласе перашкод: "Змейка", "Гараж", "Дворык" і "Аўтобусны прыпынак". Журы ацэньвала дакладнасць і чысціню паркавання і манеўраў.
Да новага навучальнага года абнавілі школьны аўтапарк Мінскай вобласці. Сёлета паўсотні новых аўтобусаў закуплены і ўжо накіраваны ў раёны для падвозу звыш 12 тыс. дзяцей. Дарэчы, падчас канікул машыны не стаялі на паркоўцы. У летнім навігатары маршруты ў аздараўленчыя лагеры і турыстычныя аб'екты.
Усяго ў цэнтральным рэгіёне больш за 300 аўтобусаў, у раскладзе якіх звыш 700 маршрутаў, каб бяспечна адвезці дзяцей на ўрокі, а пасля даставіць дадому.







