XXV Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі працягвае здзіўляць
Фестывальны рытм ахутаў Маладзечна. XXV Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі працягвае здзіўляць культурнай праграмай. 11 чэрвеня пройдзе фінал конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні "Маладзічок". За Гран-пры пазмагаюцца 17 удзельнікаў ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў. Гэта выканаўцы з розных рэгіёнаў Беларусі, а таксама ўдзельнік з расійскага горада Чарапаўца.
Павел Данілаў, мастацкі кіраўнік Палаца культуры г. Маладзечна
"Юныя выканаўцы выступяць у суправаджэнні заслужанага калектыву Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя Фінберга".
Кульмінацыяй фестывальнага руху стануць пятніца і субота. Заўтра падвядуць вынікі Рэспубліканскага этапа конкурсу маладых выканаўцаў "Радком вярнуся па вясне", а на вуліцах горада разгорнецца інтэрактыўная пляцоўка "Жанчына як аснова культурнага кода". Таксама публіку чакае эксклюзіўны праект з удзелам легендарных "Пясняроў".
На цэнтральнай плошчы пройдзе канцэрт творчых калектываў Беларусі і Расіі, а ў гарадскім парку размесціцца "Беларускі АРТ-куток". У 20:30 урачыста адкрыецца XXV Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі "Маладзечна-2026".







