З выставамі вучняў Уладзіміра Садзіна можна азнаёміцца ў галерэях Слуцка
Мастакі, якія сталі мэтрамі. Выстава вучняў Уладзіміра Садзіна ў Слуцку. Гэта прысвячэнне настаўніку да стагоддзя з дня нараджэння. Сёння яго вучні вядомы не толькі на малой радзіме, у Слуцку, але і за межамі Беларусі.
Велічныя горы Каўказа, прыродныя і гарадскія ландшафты, нацюрморты з паўднёвай садавіной - ад мастака Аляксандра Рубца. Беларусь для ганаровага акадэміка Расійскай акадэміі мастацтваў назаўсёды засталася не проста малой радзімай, а родным домам.
Больш за 40 карцін розных жанраў прысвечаны прыродзе Стаўрапольскага краю, куды Рубец пераехаў амаль 50 гадоў таму. Мастаку не ўласціва акадэмічная дакладнасць малюнка. Асаблівасць яго мастацкага почырку - шырокія штрыхі, якія нагадваюць фрагменты смальтавай мазаікі.
Слуцк - малая радзіма Аляксандра Рубца - месца сілы, натхнення, краіна юнацтва. Яго першым педагогам у пасляваенныя 50-я стаў мастак-франтавік Уладзімір Садзін. Невыпадкова сваю аўтарскую выставу Аляксандр Рубец прывёз з Пяцігорска ў Слуцкую галерэю, якая носіць імя мэтра - настаўніка.
Уладзіміру Садзіну сёлета магло б споўніцца 100 гадоў. Ён пакінуў не толькі мастацкую спадчыну, але і выгадаваў цэлую плеяду мастакоў, якія вядомыя сёння не толькі ў сябе на малой радзіме, у Слуцку, але і за межамі Беларусі. У чым унікальнасць гэтай персоны - Уладзіміра Садзіна?
Ураджэнец Пензенскай вобласці Уладзімір Садзін падчас Вялікай айчыннай служыў у ракетна-артылерыйскіх войсках. У 1945-м яго вайсковая часць спынілася ў Слуцку. Тут ён і застаўся. Займаўся любімай справай - жывапісам і вучыў гэтаму дзяцей. У 1953 годзе стварыў мастацкі гурток пры Слуцкім гарадскім Доме піянераў. Разам са сваімі вучнямі падарожнічаў па ўсім Савецкім Саюзе.
У суседнім Доме мастакоў да 100-годдзя Уладзіміра Садзіна - экспазіцыя работ знакамітых вучняў мэтра.
Архітэктурныя помнікі Беларусі і знакамітыя гістарычныя асобы - ад савецкіх графікаў братоў Міхаіла і Уладзіміра Басалыг. Сюррэалізм Георгія Скрыпнічэнкі, экспрэсія Уладзіміра Акулава, эксперыментальныя работы Ігара Ціткоўскага і карціны іншых мастакоў працягваюць традыцыі і папаўняюць культурную спадчыну Слуцкага краю.







