Новае пакаленне - за адзінства: як "Беларусь адзіная" загучыць па-моладзеваму
Новы фармат грамадска-палітычнай акцыі "Беларусь адзiная", якая традыцыйна праводзіцца напярэдадні Дня народнага адзінства, прэзентавалі ў Мінску. Старт праекта ўжо 3 верасня ў Лідзе і Наваградку.
Кожны год сэнсы і спікеры акцыі змяняюцца ў залежнасці ад грамадскага запыту. Упершыню ў ролі спікераў будуць выступаць актыўныя прадстаўнікі моладзі. Гэта члены моладзевага руху "Іскра", таксама Беларускага саюза жанчын, БРСМ і "Патрыётаў Беларусі". Ім трэба будзе аб'ехаць усе рэгіёны краіны. Галоўная задача - данесці да моладзі сэнсы адзінства праз шчыры і жывы дыялог.
Яўгенія Калечыц, кіраўнік моладзевага аддзялення Беларускага саюза жанчын:
"Гэта акцыя сапраўды павінна аб'ядноўваць нас, моладзь. Яна павінна паказаць нашым беларускім школьнікам, студэнтам, нашым маладым людзям, нашым сем'ям, што мы адзіная краіна. Нагадаць ім пра гэтую важную, патрэбную дату для ўсіх нас. Паказаць, што мы ў адзіным парыве, беларусы, здолелі захаваць сваю зямлю, сваю тэрыторыю. Мы змаглі абараніць сваю сучаснасць, сваю будучыню. Да чаго мы імкнемся? Гэта наша мова, гэта нашы традыцыі, гэта песні, гэта наша, не ведаю, ежа, гэта ўсё тое, што там, за гарызонтам, усе ведаюць, што гэта зроблена ў Беларусі".
Акцыя праводзіцца з 2021 года і яе мэта - кансалідацыя патрыятычных сіл, прапаганда ключавых дасягненняў суверэннай Беларусі, адкрытая размова па актуальных пытаннях інфармацыйнага парадку дня, у тым ліку вострых, што выклікаюць асаблівую палеміку.







