3.87 BYN
2.76 BYN
3.20 BYN
"МТЗ - нацыянальны гонар": Лукашэнка павіншаваў прадпрыемства з 80-годдзем з дня заснавання

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў калектыў і ветэранаў ААТ "Мінскі трактарны завод" з 80-годдзем з дня заснавання прадпрыемства, інфармуе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.
"Гісторыя легендарнага МТЗ пачалася ў 1946 годзе, калі краіна, загойваючы раны пасля Вялікай Айчыннай вайны, адраджалася і ўзнімала прамысловасць. Завод стаў не проста ўсесаюзнай будоўляй, а ператварыўся ў сімвал стварэння і мірнай працы пераможцаў, - гаворыцца ў віншаванні. - За 80 гадоў пройдзены велізарны шлях: ад выпуску плуга да першага колавага трактара, ад запуску ў вытворчасць простай і надзейнай машыны МТЗ-80 да энерганасычанай і самай магутнай у свеце мадэлі класічнай кампаноўкі BELARUS 5425. Вы не толькі захавалі пасляваенную спадчыну, але і прымножылі яе, ператварыўшы вернага памочніка працаўнікоў вёскі - трактар BELARUS - у брэнд сусветнага ўзроўню, вядомы на ўсіх кантынентах".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што МТЗ па праву можна лічыць нацыянальным гонарам. Завод уносіць уклад у забеспячэнне эканамічнай стабільнасці і харчовай бяспекі краіны, увасабляе беларускую працавітасць і стабільнасць.
"Цвёрда перакананы, што сплаў вопыту і мэтанакіраванасці вашага шматтысячнага калектыву, а таксама традыцыі, захавальнікамі якіх сталі рабочыя дынастыі, дадуць магчымасць прадпрыемству і надалей заставацца адным з флагманаў айчыннага машынабудавання", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў работнікам і ветэранам прадпрыемства, а таксама іх блізкім моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту і мірнага неба над галавой.















