3.77 BYN
2.82 BYN
3.30 BYN
Італьянскі спявак Рыкарда Фарэзі прысвяціў песню беларускім жанчынам і праспяваў на мове
Яму крычаць брава па ўсім свеце. Але яму больш мілае беларускае дзякуй. Італьянскі спявак Рыкарда Фарэзі прысвяціў песню беларускім жанчынам і зрабіў гэта на іх роднай мове. Атрымаўся ўнікальны музычны сплаў тэмпераменту і пяшчоты.
Змяніў звыклае Amore на беларускае "Каханне". Ён мог бы прысвяціць беларускам песню на італьянскай, але як сапраўдны джэнтльмен праспяваў на беларускай. Каб прама ў сэрца.
Рыкарда Фарэзі, спявак, музыкант (Італія):
"Раз ужо песня прысвячаецца беларускім жанчынам, значыць, яна абавязкова павінна быць на беларускай мове. Але я не ведаў, з чым сутыкнуся, таму што было вельмі складана. Мы пачалі з таго, што я напісаў музыку, а затым мы звярнуліся да прафесіяналаў, каб яны ўдыхнулі ў ноты сэнс. Так з'явіўся тэкст. А далей яго трэба было вывучыць. Гэта самае складанае. Шмат заняткаў па вымаўленні, таму што яно вельмі важнае".
Мелодыя прыйшла сама. Адразу пасля візіту ў Беларусь. Імя Рыкарда Фарэзі зараз не рэдкасць на беларускіх афішах. Але хітам Адрыяна Чэлентана і Тота Кутунья ў яго рэпертуары прыйшлося пацясніцца. Самае складана было асвоіць дзеканне і цеканне.
Ён 7 гадоў жыў у Нью-Ёрку, працаваў з лепшымі музыкантамі з усяго свету. А потым выбраў усходні вектар. У Беларусь Рыкарда Фарэзі ўпершыню прыехаў тры гады таму па культурным абмене. Мост сяброўства праклалі ў Мінскай ратушы - на вулічнай сцэне, якая заўсёды збірае сяброў. Вось тут ён сябе і праявіў.
Руслан Кулакоўскі, канцэртны прадзюсар Рыкарда Фарэзі:
"Сусветныя італьянскія хіты вельмі запатрабаваныя на тэрыторыі і Расіі, і Казахстана. Традыцыйныя альбо арыгінальныя выканаўцы... Многіх ужо няма, многія не здольныя выконваць гэтыя хіты. Гэта магчымасць даць другі шанц гэтым хітам гучаць і выклікаць эмоцыі".
Сонца Італіі ў Мінску - сольны канцэрт Рыкарда Фарэзі адбудзецца ў красавіку
Гавораць, каб адчуць сонца Італіі, трэба ляцець за тысячы кіламетраў. Але Мінску хопіць аднаго харызматычнага госця і сямі нот. У красавіку ў Рыкарда Фарэзі будзе сольны канцэрт - 29-га чысла ў Цэнтральным Доме афіцэраў. Будзе і вакал, і сола на трубе.















