3.64 BYN
3.04 BYN
3.57 BYN
9 кастрычніка Пуцін уручыць Лукашэнку ордэн Андрэя Першазваннага

Расійскі лідар Уладзімір Пуцін 9 кастрычніка ўрачыста ўручыць беларускаму калегу Аляксандру Лукашэнку вышэйшую дзяржузнагароду Расіі - ордэн Святога апостала Андрэя Першазваннага. Цырымоніі будуць папярэднічаць двухбаковыя перамовы. Пра гэта расказаў на брыфінгу памочнік Прэзідэнта Расіі Юрый Ушакоў, паведамляе БЕЛТА.
"У кантэксце саміту, які праводзіцца ў Маскве, 9 кастрычніка адбудзецца сустрэча Прэзідэнта Пуціна з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Лукашэнкам, які падоўжыць сваё знаходжанне ў Маскве. Гэта будзе восьмая сустрэча лідараў дзвюх краін з пачатку года", - сказаў Ушакоў.
Як расказаў памочнік Прэзідэнта РФ, "пасля двухбаковых перамоў у Андрэеўскай зале Крамля адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўручэння Лукашэнку вышэйшай дзяржаўнай узнагароды Расійскай Федэрацыі - ордэна Андрэя Першазваннага". Беларускі лідар "узнагароджаны за выдатныя заслугі ў развіцці адносін саюзніцтва і стратэгічнага партнёрства", умацаванне сяброўства братэрскіх народаў і асабісты ўклад у эфектыўную дзейнасць Саюзнай дзяржавы, адзначыў Ушакоў.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў панядзелак, 7 кастрычніка, прыбыў у Расійскую Федэрацыю з рабочым візітам. Плануецца, што 8 кастрычніка ў Маскве беларускі лідар возьме ўдзел у пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў - удзельнікаў СНД.