3.72 BYN
3.01 BYN
3.37 BYN
Першадрукар Беларусі. Спаўняецца 535 гадоў з часу нараджэння Францыска Скарыны

Кожны народ мае права ганарыцца сваёй культурнай спадчынай і таленавітымі людзьмі. Сярод найбольш яркіх і значных прадстаўнікоў беларускай культуры вылучаецца асоба Францыска Скарыны, піша БЕЛТА.
Ён увайшоў у нашу гісторыю як першадрукар, навуковец, асветнік і гуманіст. Чалавек выключна шырокай эрудыцыі, сэнс сваёй дзейнасці Францыск Скарына бачыў у служэнні народу. Ён імкнуўся далучыць сваіх суайчыннікаў да набытку агульначалавечай культуры і рабіў гэта праз кнігі.
Дакладныя звесткі наконт даты нараджэння Скарыны адсутнічаюць. Аднак большасць даследчыкаў сыходзяцца ў меркаванні, што асветнік нарадзіўся каля 1490 года ў Полацку ў сям'і заможнага купца Лукі. Але ёсць і альтэрнатыўныя версіі: да 1490 года, у 1485-1490 гадах.
Першапачатковую адукацыю Францыск атрымаў у доме бацькоў, там навучыўся чытаць і пісаць, затым вучыўся ў школе пры каталіцкім касцёле. У 1504 годзе ён паступіў у Кракаўскі ўніверсітэт, а ўжо ў 1506 годзе атрымаў сваю першую навуковую ступень - бакалаўра філасофіі. Каб прадоўжыць навучанне на самых прэстыжных факультэтах еўрапейскіх універсітэтаў, якімі лічыліся медыцынскі і тэалагічны, Скарыну неабходна было атрымаць ступень магістра. Дакладна невядома, ці атрымаў ён яе ў Кракаўскім універсітэце або ў нейкім іншым, але ў 1512 годзе ён прыехаў у Італію ў знакаміты Падуанскі ўніверсітэт, ужо маючы гэтую ступень.
Бедны, але здольны юнак быў дапушчаны да іспытаў. На працягу двух дзён ён абараняў свае навуковыя дысертацыі ў дыспутах з выбітнымі вучонымі. 9 лістапада 1512 года ў біскупскім палацы ў прысутнасці вядомых навукоўцаў Падуанскага ўніверсітэта і саноўнікаў каталіцкай царквы Скарыну было прысвоена званне доктара медыцынскіх навук. Гэта стала значнай падзеяй у яго жыцці і культурнай гісторыі Беларусі: сын купца з Полацка пацвердзіў, што здольнасці і прызначэнне больш каштоўныя за арыстакратычнае паходжанне.
У актавых запісах Падуанскага ўніверсітэта 1512 года гаворыцца: "Сын нябожчыка спадара Лукі Скарыны з Полацка праявіў сябе так пахвальна і цудоўна падчас строгага выпрабавання, што атрымаў аднадушнае адабрэнне ўсіх прысутных навукоўцаў". Дагэтуль у адной з залаў гэтай навучальнай установы, дзе знаходзяцца партрэты знакамітых мужоў еўрапейскай навукі, што выйшлі з яе сцен, вісіць партрэт выбітнага беларуса работы італьянскага майстра.
Выдавецкую дзейнасць Францыск Скарына пачаў у Празе. У жніўні 1517 года была выдадзена першая кніга - "Псалтыр".
За няпоўныя тры гады ў Пражскай друкарні Скарына надрукаваў 23 ілюстраваныя (упрыгожаныя мноствам ксілаграфічных гравюр, ініцыялаў і заставак) кнігі Бібліі ў перакладзе на старабеларускую мову. Яны забяспечаны прадмовамі і каментарыямі, якія адлюстроўваюць канфесійныя, філасофскія і асветніцкія гледжанні першадрукара. Пры выданні Бібліі ён кіраваў работай, карэкціраваў набор, даставаў у Германіі дэфіцытную паперу з вадзянымі знакамі.
У 1520-1521 гадах Скарына пакінуў Прагу і пераехаў у Вільна. Тут ён заснаваў друкарню ў доме старэйшага віленскага бурмістра Якуба Бабіча. У ёй была надрукавана "Малая падарожная кніжка". У 1525 годзе свет убачыла кніга "Апостал". У шматлікіх прадмовах да яе (а ўсяго асветнік напісаў 22 прадмовы і 17 пасляслоўяў да "Апостала") выкладаецца змест глаў і асобных пасланняў, тлумачацца "незразумелыя" фразы. Усяму тэксту папярэднічае агульная прадмова Скарыны "Дзеі святых апосталаў. Прадмова".
Мяркуецца, што ў канцы 1520-х - пачатку 1530-х гадоў першадрукар наведаў Маскву, куды прывёз свае кнігі, выдадзеныя "рускім" шрыфтам. Дзесьці пасля 1525 года першадрукар ажаніўся з Маргарытай, удавой віленскага купца і члена віленскай рады Юрыя Адверніка, тым самым паправіўшы сваё матэрыяльнае становішча, і разам з жонкай прыняў удзел у гандлёвых справах свайго брата Івана.
1529 год выдаўся вельмі цяжкім для Скарыны. Памёр яго брат Іван. У тым жа годзе раптоўна памерла Маргарыта. На руках у Францыска застаўся малалетні сын. Сваякі памерлай жонкі падалі ў суд на першадрукара, патрабуючы падзелу маёмасці. У сярэдзіне 1530-х гадоў Скарына пераехаў у Прагу, дзе, хутчэй за ўсё, працаваў урачом.
Дакладная дата смерці Скарыны і месца пахавання невядомыя. Меркавана, памёр выбітны асветнік каля 1551 года або ў студзені 1552 года.
У Беларусі шануюць памяць вялікага першадрукара. Многія вуліцы ў нашай рэспубліцы, а таксама Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт, гімназія № 1 у Полацку, гімназія № 1 у Мінску носяць яго імя, усталяваны помнікі.
Законам Рэспублікі Беларусь "Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь" у 2004 годзе былі заснаваны ордэн і медаль Францыска Скарыны.
Дзейнасць Францыска Скарыны аказала вялізны ўплыў на развіццё кнігадрукавання і пісьменства не толькі ў Беларусі, але і ў іншых усходнеславянскіх краінах. Яго кнігі спрыялі ўзбагачэнню беларускай літаратурнай мовы, а сам асветнік стаў адным з сімвалаў Беларусі.