3.77 BYN
2.82 BYN
3.30 BYN
Сучасны вясковы раман Вікторыі Кляўко "Вырай" у топе па продажы
Кнігарні адзначаюць рост цікаўнасці да беларускай мовы. Цяпер не толькі Караткевіч у топе па продажы. Узляцеў і "Вырай" Вікторыі Кляўко. Вясковы раман маладой пісьменніцы прэзентавалі ў верасні падчас Дзён беларускага пісьменства, але толькі зараз сацыяльныя сеткі напоўніліся добрымі водгукамі пра кнігу і жаданнем вяртацца да малой радзімы.
Дзе шукаць той самы "Вырай"? І што натхніла выпускніцу Лінгвістычнага ўніверсітэта надаць нашай літаратуры жаночы абрыс?
Хатні адрас "Выраю" - Маркса, 36. У народзе - Дом пісьменнікаў. Адсюль выходзілі творы Караткевіча, Шамякіна, Маўра, Брыля. Кватэра апошняга перажывае адраджэнне. Тут ізноў гучыць мова, ізноў абмяркоўваюць класічнае. Па Мінску такія мемарыяльныя пакоі пералічыць можна па пальцах. Засталіся ад Коласа, Броўкі.
Вікторыя Кляўко - выпускніца Лінгвістычнага ўніверсітэта, перакладчык, цяпер жа яна пісьменніца і непасрэдна гаспадыня літаратурнай гасцёўні. Сустрэчы ўлюбёных у літаратурнае слова ладзіць раз на месяц.
Трэці тыраж рамана "Вырай" ад пісьменніцы Вікторыі Кляўко
Каштоўнасці тутэйшай бібліятэкі перавандравалі з букіністычнага аддзела "Белкнігі", што на пяць паверхаў ніжэй за гасцёўню. Напрыканцы 2025 года ў Вікторыі з'явілася яшчэ адна нагода, каб перыядычна заходзіць у госці - правяраць наяўнасць аўтарскага вясковага рамана.

Паспяховы дэбют пераможніцы рэспубліканскага літаратурнага стартапу "ЛітАп". Хто сказаў, што пісьменнікам нараджаюцца? Кляўко ізноў студэнтка, але ўжо літінстытута імя Горкага. З такой адукацыяй былі Сіманаў, Раждзественскі, Ахмадуліна.
Беларускі раман пра вяртанне "з далёкага выраю на радзіму" пабачыў свет у верасні, у Дзень беларускага пісьменства, і хутка разляцеліся першы, другі тыраж - усяго больш за тысячу экзэмпляраў. "Мастацкая літаратура" не чакала...
Актуальнасць вясковага рамана "Вырай"
Марыя Журавель, выкладчыца Берлінскага ўніверсітэта, вяртаецца ў Краснаполле Віцебскай вобласці. Там памірае маці. Яе боль адчуваецца не толькі са старонах рамана, але і з камернай сцэны Купалаўскага.
"Вырай. Чытка" - паспяховая прэм'ера на камернай сцэне Купалаўскага
Акадэмічны тэатр паставіў для гледача чытку з водарам вясковых яблыкаў. Квіткоў на сакавік ужо няма.
У айчыннай літаратуры да Года беларускай жанчыны з'явіўся жаночы абрыс. Летам у Вікторыі будуць дзве доўгачаканыя прэм'еры: яна стане шматдзетнай мамай, а таксама выйдзе кніга "Яе першая Ева". Рукапіс пра адносіны паміж маці і дачкой хутка трапіць у выдавецтва.















