3.87 BYN
2.76 BYN
3.21 BYN
Лукашэнка: Нам ёсць чым ганарыцца, ёсць што берагчы і абараняць

У гістарычнай спадчыне беларусаў ёсць чым ганарыцца, ёсць што берагчы і абараняць. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на цырымоніі ўручэння прэміі "За духоўнае адраджэнне", спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва і "Беларускі спартыўны Алімп" 2025 года, паведамляе БЕЛТА.
"Нам ёсць чым ганарыцца, ёсць што берагчы і абараняць, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, гаворачы пра багатую гістарычную спадчыну беларусаў. - Таму і будуем новы Нацыянальны гістарычны музей. Ён стане месцам нацыянальнага гонару, калыскай нашай гістарычнай памяці, крыніцай натхнення для мірнага, працалюбівага, вельмі таленавітага і творчага народа".
У якасці прыкладаў Аляксандр Лукашэнка прывёў некалькі фактаў. "Больш за тысячу гадоў таму, амаль адразу пасля Хрышчэння Русі, на нашай зямлі былі заснаваны адны з першых усходнеславянскіх цэнтраў дзяржаўнасцi, культуры, асветы: Полацкая і Тураўская епархіі, - адзначыў беларускі лідар. - Тут дзякуючы нашым дойлідам зарадзіліся эксклюзіўныя архітэктурныя традыцыі і формы мастацтва. У 2026 годзе мы будзем адзначаць сакральную для нас дату. Роўна 865 гадоў таму майстар Лазар Богша стварыў унікальную святыню - Крыж Ефрасінні Полацкай. Толькі ўдумайцеся, 865 гадоў!"
Больш за 5 стагоддзяў таму ўраджэнец Полацкай зямлі Францыск Скарына выдаў "Псалтыр" - першую кнігу на ўсходнеславянскай мове, узгадаў яшчэ адзін факт кіраўнік дзяржавы.
"Вядома, што друкаваная кірыліца, распрацаваная беларусам Ільёй Капіевічам, пакладзена ў аснову грамадзянскага шрыфту, уведзенага ў 1706 годзе ў Расіі, - прадоўжыў ён. - Тэрмін "беларускае барока" вядомы ва ўсім свеце. Гэта ўнікальная з’ява ў сусветным мастацтве канца ХVIІ стагоддзя, якая распаўсюдзілася на ўсходнеславянскіх землях дзякуючы таленту нашых майстроў".















