3.77 BYN
2.82 BYN
3.21 BYN
Старажытны дуб, мясцовыя музыканты, ферма - чым прываблівае аграгарадок Аношкі мясцовых і турыстаў
Аграпрамысловы, спартыўны і турыстычны. Нясвіжскі раён Мінскай вобласці заўсёды на слыху: высокія ўраджаі, смачная мяса-малочная прадукцыя, Радзівілаўскі палац. Мы зазірнем у мястэчка з больш як 200-гадовай гісторыяй.
Сардэчна запрашаем у Аношкі - утульны аграгарадок, які вядомы сваімі музыкантамі і самым старажытным дубам у Беларусі. Пра сваю малую радзіму распавяла бухгалтар Ірына Тамашэвіч.
"Я нарадзілася і вырасла ў вёсцы Гусакі Казлоўскага сельскага савета. Тут прайшло маё дзяцінства. Я скончыла Казлоўскую сярэднюю школу. Пасля вучобы вярнулася ў сваю гаспадарку, тут і засталася. Тут працавалі мае дзяды і прадзеды, тут працавалі мае бацькі. Я 45 гадоў працую тут бухгалтарам. Муж мой 45 гадоў працуе вадзіцелем. У нас ёсць двое дзяцей", - падзялілася бухгалтар ААТ "Новае жыццё" Ірына Тамашэвіч.
"Новае жыццё" ў аграгарадку Аношкі з'яўляецца адной з лепшых гаспадарак Нясвіжскага района. На ферме Жанкавічы пагалоўе складае больш за тысячу галоў. На дзень удой малака каля 27 літраў ад каровы.
"Я вельмі ганаруся нашай Аношкаўскай музычнай школай. Яна адкрылася ў 1986 годзе, сюды спяшаліся дзеці, каб навучыцца граць. Нашы хлопцы ў свой час атрымалі стыпендыю Прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі. Аношкаўскія музыкі славяцца не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі", - расказала Ірына Тамашэвіч.
Таксама ў Аношках знаходзіцца знакаміты гістарычны помнік – дуб Якуб. Гэта самае вялікае дрэва ў Беларусі, абхоп якога складае 810 см, вышыня - каля 24 м, а ўзрост - 230-250 гадоў.
"Ходзіць легенда, што калісьці тут жыў чалавек, у якога доўга не было дзяцей. Ён маліў Бога, каб здарыўся цуд, і ён здарыўся. На свет нарадзіўся хлопчык, якога назвалі Якубам. Мужчына пасадзіў дубок, які ператварыўся ў магутнага велікана. Дуб Якуб - гэта месца, куды імкнуцца трапіць турысты. І хочацца верыць, што ён будзе жыць яшчэ многа стагоддзяў", - адзначыла Ірына Тамашэвіч.















