3.65 BYN
3.04 BYN
3.59 BYN
Сысці ад дыктату Захаду ў галіне крытычных тэхналогій. Прэзідэнт правёў перамовы з кіраўніком Якуціі
Рэгіянальны разрэз супрацоўніцтва Беларусі і Расіі абмяркоўвалі 30 верасня ў Палацы Незалежнасці. Прэзідэнт правёў перамовы з кіраўніком Рэспублікі Саха. Дэлегацыя рэгіёна працуе ў Мінску. Гэты багаты паўночны край Расіі зацікаўлены ў нарошчванні супрацоўніцтва з нашай краінай. Узаемная цікавасць да паставак тэхнікі, харчавання і не толькі.
Дыктат санкцый павінен быў падкасіць краіны. Але сумесная работа на тэхналагічны суверэнітэт зводзіць на нішто ўсе намаганні заходніх "прыязнікаў". Ва ўмовах націску Аляксандр Лукашэнка прапаноўвае кіраўнікам расійскіх рэгіёнаў дзейнічаць проста: калі нешта трапіла пад забарону - купляйце беларускае!
Рэспубліка Саха - самы вялікі расійскі рэгіён. Такі буйны, што тут адразу тры часавыя поясы. Якуція (гэта яшчэ адна назва края) большая за Аргенціну, Казахстан, па плошчы, лічы, Індыя. Тут, дарэчы, таксама бывае плюс 40, праўда зімой даходзіць і да мінус 70. Суровы клімат - а сталіца рэгіёна знаходзіцца ў зоне вечнай мерзлаты - загартоўвае людзей.
Але, здаецца, цеплыня гэтай сустрэчы растопіць любы лёд.
Кіраўнік дзяржавы цёпла вітаў кіраўніка расійскага рэгіёна на гасціннай беларускай зямлі.
Кіраўнік Якуціі ў Мінску ўпершыню. Хаця нават госці з Далёкага Усходу ў Беларусі бывалі не раз. Раз ужо Беларусь і Расія ідуць па шляху ўмацавання рэгіянальных сувязяў, то і Рэспубліка Саха не павінна застацца ўбаку. Тавараабарот не нулявы, апошніямі гадамі дадаем, набліжаючыся да сотні мільёнаў долараў. Але, як гаворыцца, можна пашырыць гарызонты.
А. Лукашэнка: Калі нешта трапіла пад забарону, купляйце беларускае
Што да сфер узаемных інтарэсаў, то яны, па словах Прэзідэнта, могуць быць вельмі разнастайнымі. А зараз яны яшчэ і прадыктаваныя пэўным націскам з боку Захаду. "Я маю на ўвазе заходнія фашысцкія санкцыі. Як я гавару кожнаму расійскаму губернатару: калі нешта трапіла пад забарону, купляйце беларускае, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Мы, напэўна, на шмат працэнтаў зможам замясціць вам заходнія тавары".
Калі гаварыць у гэтым сэнсе пра Якуцію, якой патрэбна замена імпартнай тэхнікі для горназдабыўных прадпрыемстваў, то Беларусь яе вырабляе. І маштабныя інвестыцыйныя праекты ў гэтай галіне дазваляюць нарасціць пастаўкі ў некалькі разоў.
Якуція - кладоўка Расіі і хуткарослы рэгіён
Прэзідэнт адразу перайшоў да сутнасці справы. А яна заключаецца ў тым, што Якуція - стратэгічная кладоўка Расіі.
Рэспубліка займае першае месца ў свеце па здабычы алмазаў, другое ў краіне - па здабычы золата, трэцяе па вугалі, пятае - па нафце і газу. Санкцыям насуперак рэгіён развіваецца, дадаючы штогод па 8 %. Рэкордныя інвестыцыі дазваляюць актыўна будаваць руднікі, фабрыкі, аўтамабільныя дарогі. І беларусы могуць у гэтым дапамагчы.
Беларусь зможа арганізаваць у Якуціі мульцібрэндавы сэрвісны цэнтр
Размова таксама ішла наконт магчымасцяў па пастаўцы горназдабыўнога абсталявання. У прыватнасці, аб прадукцыі прадпрыемства "Ніва-Холдынг" з Салігорска, якая з'яўляецца не проста выдатнай альтэрнатывай заходнім узорам, але і ўлічвае спецыфіку працы і патрабаванні любога пакупніка.
Адной з тэм на сустрэчы стала будаўніцтва і патэнцыял задзейнічання ў гэтай сферы беларускіх спецыялістаў. Якуція зараз актыўна развіваецца. Ідзе будаўніцтва ўзбагачальных фабрык, падземных руднікоў, асваенне радовішчаў карысных выкапняў.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў Беларусі ёсць выдатныя будаўнікі і высокія стандарты гарадской інфраструктуры. А айчынныя праектныя і будаўнічыя арганізацыі гатовы працаваць з Якуціяй.
У планах дэлегацыі - пабываць на гомельскім "Крышталі". Унікальнае прадпрыемства займаецца агранкай брыльянтаў, а чвэрць усіх алмазаў у свеце здабываецца менавіта ў Якуціі.
Рэсурсы - гэта, вядома, добра, але імі сыты не будзеш, на хлеб не намажаш, так што ў прапрацоўку бяруць і "хлебную" тэму - прамыя пастаўкі харчавання ў рэгіён.
Прэзідэнт: Любы расійскі рэгіён для нас вельмі блізкія людзі
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Айсену Нікалаеву за цікавасць да Беларусі і гатовасць працаваць з нашай краінай, нягледзячы на значную адлегласць. Прэзідэнт таксама гарантаваў, што ўсе дасягнутыя дамоўленасці будуць абавязкова выкананы ў тэрмін.
Кіраўнік Рэспублікі Саха: Мы вельмі высока цэнім магчымасць развіцця супрацоўніцтва з Беларуссю
Кіраўнік Рэспублікі Саха Айсен Нікалаеў у сваю чаргу адзначыў, што ўпершыню наведвае Беларусь, і для яго вялізны гонар сустрэцца з Прэзідэнтам асабіста.
Дэлегацыя Рэспублікі Саха наведае беларускія прадпрыемствы
І беларускія цяжкагрузы, і трактары, і дарожныя машыны ў Якуціі ведаюць. Гэта асноўны артыкул айчыннага экспарту ў рэгіён. Беларусь здольная закрыць патрэбнасці рэспублікі ў спецыяльнай тэхніцы.
Лінейку машын лепш убачыць на свае вочы, менавіта таму ў планах дэлегацыі значацца ўсе беларускія гранды - ад БелАЗа да МТЗ. Пастаўкі будуць нарошчваць.
Беларусь і Расія абавязаны разам зрабіць так, каб сысці ад дыктату Захаду ў галіне крытычных тэхналогій
"Мы абавязаны ўсе разам зрабіць так, каб сысці ад дыктату Захаду ў галіне крытычных тэхналогій. Нашы краіны, я лічу, здольныя сумесна рабіць любую тэхналогію, якая наогул у свеце існуе. Галоўнае - было б жаданне, былі б на гэта настроены калектывы, людзі", - выказаў меркаванне Айсен Нікалаеў.
Якуція прапаноўвае Беларусі сумесную работу ў галіне кінавытворчасці і тэхналогій
На перамовах гучала, што супрацоўніцтва не павінна абмяжоўвацца эканомікай. Якуція - і гэты факт стаў для журналістаў адкрыццём - адзін з лідараў Расіі па кінавытворчасці пасля Масквы і Піцера. Гатовы працаваць і тут разам, тым больш, што агульнай гісторыі хапае.
Гісторыю адносін з рэгіёнам сёння пісалі і ў беларускім урадзе. Там заўсёды вызначаюцца з канкрэтыкай і тактыкай дзеянняў. Віцэ-прэм'ер, які курыруе прамысловасць, у курсе маштабных інвестпраектаў рэгіёна.
Беларусь зацікаўлена ў нарошчванні тавараабароту з Якуціяй
Ёсць прапановы задзейнічаць праектныя арганізацыі ў будаўнічых задумках, а таксама супрацоўнічаць па беспілотніках. Гэта сёння перспектыўна і запатрабавана. Агульныя пункты росту ёсць - час дзейнічаць.