3.74 BYN
2.83 BYN
3.34 BYN
Прэзідэнт Беларусі прыняў з дакладам старшыню Савета Рэспублікі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай, інфармуе БЕЛТА.
Прэзідэнт пацікавіўся ў Наталлі Качанавай уражаннямі аб рабоце вышэйшага заканадаўчага органа ўлады.
"Па законапраектах я азнаёміўся. Вы робіце тое, што і павінен рабіць Савет Рэспублікі. Але мяне больш цікавіць ваша работа з ніжэйстаячымі саветамі (дэпутатаў. - Заўв. БЕЛТА). Мы аб гэтым дамаўляліся, што гэта зона вашай адказнасці. Усё астатняе - гэта потым", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Яшчэ адно пытанне, якое цікавіла кіраўніка дзяржавы, - удасканаленне работы з грамадзянамі. "Заявы, кантроль за выкананнем... Ну і іншыя пытанні, якія вы лічыце патрэбным абмеркаваць", - адзначыў ён.
Кіраўнік дзяржавы таксама пацікавіўся работай экспертнага савета пры Савеце Рэспублікі, створанага па яго распараджэнні. Савет з'яўляецца своеасаблівым "прававым фільтрам", які забяспечвае ўсебаковы разгляд праектаў важнейшых нарматыўных прававых актаў і ацэнку наступстваў іх прыняцця.
Як расказала Наталля Качанава, Савет Рэспублікі працуе ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі - Канстытуцыяй і Законам "Аб Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь", а таксама даручэннямі Прэзідэнта.
"Усе задачы, якія стаяць перад Саветам Рэспублікі, мы выконваем у поўным аб'ёме. Перш за ўсё, гэта заканатворчая дзейнасць, - падкрэсліла яна. - Мы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў уключаемся ў работу над законапраектам з самага першага этапу".















