3.78 BYN
3.00 BYN
3.43 BYN
Міжнародны дзень роднай мовы. Раскажам пра кніжныя рарытэты і навінкі ў Нацыянальнай бібліятэцы
21 лютага да Дня роднай мовы па ўсёй Беларусі праходзяць адукацыйна-асветніцкія мерапрыемствы: чытанні, конкурсы, дыктоўкі і выставы. Мова гучыць у бібліятэках, музеях, тэатрах - там дэкламуюць вершы беларускіх класікаў.
Сабралі моўныя рарытэты, кніжныя навінкі і сустрэчы з выдатнымі беларусазнаўцамі.
Кніжныя рарытэты і навінкі - у Нацыянальнай бібліятэцы
"Багата, родная ты мова,
Цябе стварыў і ўзнёс народ.
А вобразы якія ў словах,
А параўнанняў што за ўзлёт!"
Няма такога беларускага пісьменніка альбо паэта, які б не ўшанаваў роднае слова. Гэта радкі Петруся Броўкі, 120-годдзе з дня нараджэння якога адзначым сёлета. Напрыклад, прыжыццёвы, арыгінальны зборнік народнага паэта Беларусі з яго аўтографам. Дарэчы, такіх унікальных экзэмпляраў вельмі шмат у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, фонд якой налічвае за мільён кніжных адзінак. І палова з іх - 400 тысяч - гэта кнігі на беларускай мове!
Вось яны - у вітрынах Музея кнігі: рарытэты пачатку мінулага стагоддзя - узоры фарміравання літаратурнай беларускай мовы. Побач з асобнікам Петруся Броўкі - арыгіналы з росчыркамі Купалы, Коласа, за імі - Панчанка, Танк і аўтары 50-70-х. Тут жа лемантары альбо "Чытанкі". Першыя падручнікі для навучання беларускай мове дзятвы. Нацыянальная бібліятэка сведчыць пра ўсе этапы беларускамоўнасці сваімі калекцыямі!
Арыгінальных асобнікаў пра этап старабеларускіх першадрукаў Скарыны бібліятэка не мае, але ў паўнаце факсіміле: ад першай яго кнігі "Псалтыр" да апошняй "Апостала". І як знаходкі з бібліяфондаў - сведкі дзейнасці славістаў-этнографаў - карта беларускага маўлення, яе стваральнік - Яўхім Карскі. Эпоха прадстаўлена Шэіным, Шпілеўскім. З апошніх набыткаў - зборнік беларускіх прыказак Івана Насовіча, рарытэт 19 стагоддзя - нядаўні падарунак беларусам ад расійскага палітыка Валянціны Мацвіенкі!
Нашы прэзенты да Дня беларускай мовы - 2025 ад Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры - таксама пра этнаслова. Вось "свежанькае", прама з друкарні - том беларускіх народных замоў - трэцяя кніга цыкла "Фальклорныя скарбы Беларусі". Папярэднія два - з легендамі і былічкамі, прыказкамі ды прымаўкамі. Усяго праект задуманы з сямі частак.
Жывая моўная класіка, да якой можна "дацягнуцца рукой"! Навум Гальпяровіч - той ідэальны ўзор беларускасці, калі роднае слова з чалавекам ад дзяцінства. Слынны паэт, аўтар двух дзясяткаў кніг, радыё- і тэлежурналіст. На працягу доўгіх гадоў на радыёхвалях канала "Культура", а цяпер і ў тэлеэфіры - з урокам беларускага маўлення, літаратуразнаўства і культуралогіі.
Папулярная праграма Навума Гальпяровіча "Суразмоўцы" - папулярны кантэнт "тэлеканала сапраўдных каштоўнасцяў". Галоўны дыямент сярод якіх - сама мова.