3.68 BYN
2.97 BYN
3.45 BYN
Галерэя "АртХаос" запрашае на экспазіцыю мастакоў Бархатковых
Мінская галерэя "АртХаос" запрашае на выставу таленавітай пары: Ігара і Алены Бархатковых. Наведвальнікі ўбачаць краявіды, поўныя жыцця, і нацюрморты, якія ўражваюць сваёй рэалістычнасцю.
Бархатковы: фамільны жывапіс
Ён прагна хапае і пераносіць на палатно апошнія лістападаўскія фарбы. І хоць любімая пара года - зіма, абмінуць залатую восень немагчыма. Знакаміты беларускі пейзажыст Ігар Бархаткоў працуе выключна на пленэрах, адасабляецца ад гарадскога шуму. І не толькі падчас творчага працэсу. Трыццаць гадоў таму мастак разам з жонкай пераехаў з Мінска на пастаяннае жыхарства ў вёску Валожынскага раёна. Пабудавалі дом, завялі гаспадарку - больш за сотню жывёл, сад, кветнік. У жылой прасторы ўладкавалі і майстэрню - адну на дваіх.
Пабыць у хатняй атмасферы творцы - зразумець яго. Утульны прыгожы дом, гаспадыня ў якім - Алена Бархаткова, ветлівая і гасцінная, але прынцыпова "па-за кадрам". І талент свой, светапогляд мастачка ўвасабляе на палотнах.
Карціны Алены таксама дэманструюцца на сямейным вернісажы ў сталічнай галерэі "АртХаос". Прадстаўляе фамільны жывапіс па традыцыі адзін за дваіх Ігар Бархаткоў.
Сям'я-дынастыя Бархатковых у хрэстаматыі айчыннага мастацтва. Бацькі Ігара Антонавіча, яго брат, жонка і сыны - усе творчыя. І непадобныя адно да аднаго. Пра гэта і новая выстава Бархатковых у Мінску.
Сям'я аб'яднаная творчасцю, але як мастакі Бархатковы вельмі розныя. Ігар - пейзажыст, які пераняў традыцыю свайго бацькі Антона Бархаткова, вучня знакамітага Бялыніцкага-Бірулі, улюбёнага ў беларускі краявід. А Алена піша нацюрморты. Глядзіш на яе кветкі - адчуваецца водар. Глядзіш на садавіну - адчуваецца смак. У выставу ўвайшлі каля паўсотні работ. Гэта рэтраспектыва і новыя творы.
На вернісаж у галерэю сабраліся шмат калег Бархатковых і аматараў іх творчасці.
Выставу жывапісу Бархатковых у Мінску можна ўбачыць да 16 лістапада. А 13-га ў галерэі "АртХаос" адбудзецца творчая сустрэча з мастаком Ігарам Бархатковым.















