3.74 BYN
2.89 BYN
3.37 BYN
30 студзеня спаўняецца 105 гадоў са дня нараджэння Івана Шамякіна
30 студзеня спаўняецца 105 гадоў са дня нараджэння народнага пісьменніка, лаўрэата Дзяржпрэміі СССР, дзвюх дзяржпрэмій БССР і прэміі Саюзнай дзяржавы Івана Шамякіна.
Любоў да літаратуры ў аўтара з'явілася яшчэ ў юныя гады. Першыя вершы пачаў пісаць падчас вучобы ў тэхнікуме. З-пад пяра аўтара выйшла вялікая колькасць раманаў, п'ес, аповесцяў, аповядаў, а таксама дзённікавых запісаў, артыкулаў і нарысаў, больш як 100 кніг і больш за 30 перакладаў для замежнага чытача.
На долю пісьменніка выпалі гады, апаленыя вайной. У часы ліхалецця Іван Шамякін узмужнеў на полі бою і вырас як паэт. Ён адным з першых у савецкай літаратуры пачаў распрацоўваць тэму Вялікай Айчыннай вайны. Пяру Шамякіна належыць пенталогія "Трывожнае шчасце" - самы маштабны ў беларускай літаратуры твор пра вайну.
Паводле яго кніг створаны кінафільмы і тэатральныя пастаноўкі. Напрыклад, карціна Міхаіла Пташука "Вазьму твой боль" або "Сэрца на далоні" рэжысёра Віктара Карпілава. Гэтыя кінасцэнары памятае не адно пакаленне.
Прымерыў Іван Шамякін і дэпутацкі партфель. У біяграфіі пісьменніка вялікая частка адведзена грамадска-палітычнай дзейнасці. Больш як 10 гадоў ён узначальваў Вярхоўны Савет БССР, некалькі разоў абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР і БССР, быў членам Цэнтральнага камітэта Кампартыі Беларусі, старшынёй Беларускага камітэта абароны свету. У 1963 годзе пісьменнік нават наведаў ЗША ў складзе беларускай дэлегацыі.
Сёння імя Івана Шамякіна носіць Мазырскі дзяржаўны педуніверсітэт, у яго гонар названа адна са сталічных вуліц у мікрараёне Сухарава-4.
Да 105-гадовага юбілея Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва падрыхтаваў віртуальную выставу "Непрыдуманы Шамякін. Дакументальная спадчына класіка". Асабістае з жыцця пісьменніка разархіваваў і Добрушскі краязнаўчы музей, дзе ўзнавілі рабочы кабінет класіка.















