3.78 BYN
2.98 BYN
3.42 BYN
У Нясвіжы адкрылася персанальная выстава беларускай мастачкі Марыны Мары. Што там можна ўбачыць
Беларускае краязнаўства - на палатне! Персанальная выстава жывапісца, акварэліста і графіка Марыны Мары - у Нясвіжы.
Архітэктуру і знакавыя постаці старадаўняга горада яна ўвасабляе ў палотнах. Перад тым як узяцца за малюнак, аўтар старанна вывучае гісторыю, факталогію, легенды і паданні...
У прэзентаванай экспазіцыі - акрамя "падарожжа ў мінуўшчыну" - нацюрморты, пейзажы, батык.
Выстава мастачкі Марыны Мары ў Нясвіжы
У работах - галерэя ўладальнікаў старажытнага Нясвіжа. Постаці Радзівілаў - Барбара, Сігізмунд Аўгуст, Мікалай Радзівіл Сіротка. Іх вобразы - не гістарычная калька, хутчэй фантазія мастачкі на аснове агульнавядомых рыс. Знакамітую пару закаханых - Барбару і Сігізмунда - аўтар выпісвае з асабістай сімпатыяй і любоўю, нібы дадумваючы іх характары: лілея ў руках князя вялікалітоўскага падкрэслівае пяшчоту яго натуры. У выяве Барбары мастачка адышла ад хрэстаматыі - перад намі вытанчаная прыгажуня, інтэлектуалка, добры, шчыры твар. Мара па-свойму адкрывае нам і Міхала Хрыстафора-Радзівіла Сіротку.
Сярод гістарычных работ - і фантазіі Марыны Мары на тэму Ружанаў: сам палац - толькі аддаленым сілуэтам, у цэнтры - трыпціх з акцэнтам на дзявочыя постаці ўладальніц слыннага замка, Ружы і Ганны Сапег. Мастачка з любоўю выпісвае палацы, касцёлы, беларускую барочную архітэктуру і старадаўнія ландшафты. Хаця не прызнае сябе пейзажыстам.
Марына Мара - шматгранны творца. Выстава дэманструе яе графічныя, жывапісныя, акварэльныя напрацоўкі, роспіс па шоўку, батык. Мастачка вядомая вопытам аздаблення кніг. Яна - педагог, якая дзеліцца сакрэтамі майстэрства з юным пакаленнем.
На рахунку Марыны Мары - дзясяткі выстаў, але ў гарадской галерэі Нясвіжа персанальна яна выстаўляецца ўпершыню. Сама арт-прастора - новая, ёй 2 гады. З'яўленне выставачнай залы для мясцовага мастацкага асяроддзя стала здзяйсненнем мары, не менш. Зрэшты, Мара - творчы псеўданім Марыны Канавалавай.
Марына Мара - марыць... Аб праекце. Якія назвала "Пахі ў фарбах". Задача - перадаць водары кветак праз роспіс па шоўку і праз парфуму. Мастачка бачыць рэалізацыю свайго праекта, як сумеснага са слынным беларускім парфумерам Уладам Рэкуновым. Марына напісала першы твор "Архідэя". Праект рэалізуецца няхутка, але будзем чакаць.