3.78 BYN
2.97 BYN
3.40 BYN
Ён піша муралы і дзеліцца талентам з іншымі. Раскажам пра шматгранны талент мастака Уладзіміра Сайко
Па яго работах можна чытаць гісторыю старадаўняй і сучаснай Беларусі. Баталіст Уладзімір Сайко піша муралы і ўзнімаецца на вышыню да паўсотні метраў. Шматлікія гарады і мястэчкі Беларусі абавязаны яму сваёй прыгажосцю і непаўторнымі фасадамі дамоў.
Займаецца мастак і станковым пленэрным жывапісам. І сваімі талентамі дзеліцца з выхаванцамі барысаўскай арт-студыі "Майстэрня".
Шматгранны талент мастака Уладзіміра Сайко
Уладзімір Сайко родам з Валожына. У цэнтры горада быў Дом культуры, пры ім гурток па маляванні - альма-матар маленькага хлопчыка, будучага прафесійнага мастака. Сёння Сайко аддае малой радзіме - упрыгожвае яе.
Ураджэнец Валожыншчыны Фердынанд Рушчыц і наш славуты драматург, які напрыканцы жыцця жыў у гэтым краі, Дунін-Марцінкевіч з фатаграфічнай дакладнасцю ўвасоблены на фасадах дамоў. Буйнамаштабныя выявы сустракаюць валожынцаў і гасцей на ўезде ў цэнтр. Уражальная частка цэнтральнага ансамбля, у якую ўвайшла і адроджаная іешыва. Да яе Сайко таксама стварыў каларытную кампазіцыю. Усё высока ацэнена на "Дажынках" - сёлетняй сталіцы абласнога свята хлебаробаў. А вось адзнакай за мурал "Незалежная Беларусь" у Воранаве мастака вылучылі на суісканне Дзяржаўнай прэміі Беларусі. І такіх работ, яскравых насценных палотнаў маштабам 200, 400 квадратных метраў, Сайко за адно лета стварыў у Оршы, Ганцавічах, Мастах, ёсць у сталіцы. Работы ўражальныя, але і тэхнічна небяспечныя. Было, што Сайко адольваў верхатуру 35 метраў - распісваў літаральна пад нябёсамі ды яшчэ і спяваў.
Муралы - яго творчая фішка, заказы ўжо ёсць на наступны год. Цяпер для аздаблення будынкаў неспрыяльны час (надвор'е не дазваляе). І мастак узяўся за камерны, пленэрны жывапіс.
А яшчэ мастак выкладае. Арт-студыя "Майстэрня" ў Барысаве прываблівае дзятву, а пры жаданні і бацькі могуць узяць урокі жывапісу ў дыпламаванага майстра. Не адпачывае ад педагогікі Сайко і дома.
Аляксандра Сайко - жывапісец. Сваю будучую жонку Уладзімір заўважыў на занятках (выкладаў будучай мастачцы). Знайшлі адзінства - творчае і асабістае. Прапанову рукі і сэрца ён зрабіў ёй у горадзе мастакоў - Віцебску.
Сынку Валодзю яшчэ няма і двух, але бацькі ўпэўнены, што ён падтрымае дынастыю. Пакуль жа Аляксандра спалучае дэкрэтны адпачынак з выяўленчым мастацтвам - прыстасавала для заняткаў станковым жывапісам самую жаночую прастору кватэры.
Шэдэўры Аляксандры Сайко нараджаюцца прама на кухні. Зрэшты, класічнае месца для многіх творчых людзей. Гісторыя ведае шмат выпадкаў, калі менавіта ў гэтай духоўнай прасторы з'яўляліся раманы, аповесці, музычныя партытуры, цяпер вось і жывапіс. Вельмі ўдаюцца Аляксандры нацюрморты, прадметы для якіх прама пад рукой.
Мініяцюрныя нацюрморты Аляксандры і манументальныя муралы Уладзіміра - мастакі дадаюць адно аднаму ў мастацтве. У гэтым, бадай, галоўны сакрэт, як суіснаваць у творчай сям'і. У Сайко ніякай канкурэнцыі. Толькі каханне.