3.61 BYN
3.18 BYN
3.33 BYN
Па ўказу Прэзідэнта Беларусі 45 прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці ўдастоены дзяржузнагарод

Дзяржаўных узнагарод удастоены 45 прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці. Адпаведны ўказ № 79 падпісаў 27 лютага Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, паведаміла БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу кіраўніка дзяржавы.
Ордэны, медалі і ганаровыя званні прысвоены за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, смеласць і рашучасць, праяўленыя пры выратаванні людзей у час пажару, заслугі ў воінскай службе, ахове дзяржаўнай граніцы, барацьбе са злачыннасцю, значны асабісты ўклад у рэалізацыю сацыяльна-эканамічнай палітыкі, ваенна-патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення, вытворчасць сельскагаспадарчай тэхнікі і высокатэхналагічных оптыка-электронных вырабаў, развіццё ветэранскага руху, грамадзянскай авіяцыі, аграпрамысловага комплексу, трактарабудавання, прамысловасці, будаўніцтва, гандлю і грамадскага харчавання, выдатныя дасягненні ў сферах аховы здароўя, адукацыі, культуры і спорту.
Ордэна Айчыны III ступені ўдастоены старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў, ордэна "За службу Радзіме" III ступені - намеснік старшыні Следчага камітэта Анатоль Васільеў і начальнік 21-га пагранатрада пагранічнай службы Сяргей Саўчук, ордэна Пашаны - старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў Сяргей Альсевіч.
Начальнік упраўлення Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Павел Руто ўзнагароджаны медалём "За адзнаку ў воінскай службе", намеснік начальніка аддзела ўпраўлення 14-га пагранатрада пагранічнай службы Іван Сяржанаў - медалём "За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы".
Пяцярым супрацоўнікам МНС прысвоены медалі "За адзнаку ў папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый": начальніку дзяжурнай змены, старшаму інструктару-ратавальніку і старшаму інструктару па ваджэнні пажарнай машыны аварыйна-выратавальнай часці нумар 1 Віцебскага гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітрыю Палінскаму, Сяргею Талкачову і Васілю Духноўскаму, а таксама намесніку начальніка штаба ліквідацыі НС цэнтра аператыўнага кіравання Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Максіму Макоўскаму і начальніку пінскага цэнтра Рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння "ЗУБР" МНС Андрэю Казлову.
Вялікая група работнікаў удастоена медаля "За працоўныя заслугі". Сярод іх - дырэктар цэнтра селекцыі і генетыкі па Карэліцкім раёне Гродзенскага племпрадпрыемства Галіна Карп, фрэзероўшчык інструментальнага корпуса Гомельскага завода ліцця і нармалей Уладзімір Луткоў і трэнер-выкладчык па самба Гарадскога цэнтра алімпійскага рэзерву адзінаборстваў Сяргей Скамароўскі.
Медалём Францыска Скарыны адзначаны заслугі генеральнага дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Кацярыны Дулавай, рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Наталлі Карчэўскай, мастака-рэстаўратара аддзела навукова-фондавай работы Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Юрыя Кегелева і намесніка начальніка аддзела ўпраўлення Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Генадзя Зыкуна.
Указам таксама прысвоены ганаровыя званні Рэспублікі Беларусь. Заслужаным артыстам стаў вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Пётр Ламан, заслужаным работнікам адукацыі - настаўнік беларускай мовы і літаратуры Старасельскай сярэдняй школы Мінскага раёна Ала Барчук, заслужаным работнікам прамысловасці - генеральны дырэктар РУВП "Граніт" Эдуард Гаўрылковіч, заслужаным пілотам - намеснік камандзіра авіяцыйнага атрада - начальнік аддзела трэніровак ААТ "Авіякампанія "Белавія" Уладзімір Кашавец.