3.77 BYN
2.98 BYN
3.43 BYN
Прадстаўнікі СМІ Індыі знімуць трэвел-шоу пра Беларусь

Журналісты з Індыі арганізавалі ў Беларусі здымкі трэвел-шоу, паведамляе БЕЛТА.
Маштабны азнаямленчы тур пачаўся 21 чэрвеня і прадоўжыцца да 27 чэрвеня.
Здымачная група папулярнай кампаніі Bollylands.com прыбыла ў краіну, каб стварыць захапляльнае трэвел-шоу. На працягу тыдня індыйскія журналісты і кінематаграфісты будуць знаёміцца з беларускай культурай, гісторыяй, прыродай і фіксаваць самыя яркія і цікавыя моманты.
Насычаны графік уключае здымкі ключавых славутасцяў і знакавых мясцін Мінска, якія адлюстроўваюць сучаснасць і гістарычную спадчыну сталіцы, шматфункцыянальнага культурна-спартыўнага комплексу "Мінск-Арэна".
Таксама журналісты акунуцца ў атмасферу беларускай вёскі ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту, возьмуць удзел у свяце "Купалле ў Азярцы". У РЦАП па вадналыжным спорце гасцям прадэманструюць магчымасці для актыўнага турызму.
Акрамя таго, прадстаўнікі СМІ наведаюць гісторыка-культурны комплекс "Лінія Сталіна", ААТ "БЕЛАЗ", Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж", замкавы комплекс "Мір" і гасцініцу ў замку.
Асаблівую цікавасць у індыйскай здымачнай групы выклікала Гродзенская вобласць. Журналісты пабываюць у Гродне, Рэспубліканскім ландшафтным заказніку "Азёры", санаторыі "Азёрны" і агратурыстычным комплексе "Гарадзенскі маёнтак "Каробчыцы". Завершыцца тур наведваннем Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм".
У Нацыянальным агенцтве па турызме падкрэслілі, што арганізацыя азнаямленчага тура - важны крок у папулярызацыі турыстычнага патэнцыялу Беларусі ў Індыі. Чакаецца, што выхад трэвел-шоу на індыйскім тэлебачанні і ў інтэрнэце значна павысіць пазнавальнасць нашай краіны як прывабнага напрамку для адпачынку і павялічыць паток турыстаў з Індыі.