3.87 BYN
2.76 BYN
3.20 BYN
Свята "Гуканне вясны" прайшло ў Строчыцах
Са старадаўніх пор дзеля скарэйшага росквіту прыроды нашы продкі выконвалі прыгожы самабытны абрад "Гуканне вясны". Яго беражліва захавалі і сучасныя беларусы.
Па-асабліваму - з улікам аўтэнтыкі - першы вясновы абрад календара праводзяць у Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту. 21 сакавіка свята прайшло ў Строчыцкім музеі пад адкрытым небам.
Гуканне вясны - адраджэнне старадаўняга беларускага абраду
З канца Масленіцы, увесь сакавік і да Дабравешчання, беларусы гукаюць вясну. Абрад ідзе каранямі ў язычніцкія часы, але мае і навуковае абгрунтаванне: у 20-х датах сакавіка настае дзень вясенняга раўнадзенства - калі зямля паварочваецца да сонца так, што яго прамяні роўназначна падаюць і на Паўночнае, і на Паўднёвае паўшар’і. Па-нашаму гэта - сонцазварот, час, калі прыбаўляецца цяпла, святла і росквіту прыроды.
Здаецца, што па ўсёй Беларусі вясну ўжо і без свята нагукалі: з 1 сакавіка - добры тэмпературны плюс, яснае неба, вось-вось парадуе пупышкамі вярба і першацветы. Актыўна ляцяць птушкі. Каб паскорыць іх вяртанне з цёплых краёў, на галінках развешваюць самаробных птушачак. Увесь парк строчыцкага скансэна ўпрыгожылі крылатымі фігуркамі з паперы і тканіны. А да свята ў музеі арганізавалі майстар-класы па вырабе птушыных сімвалаў.
"Гуканне вясны" - свята ласункаў. Здаўна да абраду кожная гаспадыня імкнулася выпекчы "жаваранкаў" - смачныя здобныя фігуркі птушак.
Абрадавай выпечкай частавалі дзяцей і птушак. Але перад тым здзяйснялі абавязковы абрад: на посцілцы падкідвалі напечаных "жаваранкаў" - задобрвалі вясну.
На Беларусі існуе цэлы цыкл песень пад назвай "Вяснянкі" - гэта абрадавыя напевы спецыяльна для гукання вясны.
Спевы і найгрышы: ці можна ўявіць беларускае свята без народных мелодый?! Музычнае суправаджэнне сённяшняга абраду ў Строчыцах - ад этнамузыкантаў гуртоў "Тоя" і "Верна".
А яшчэ ў беларусаў здаўна існавала такое паняцце, як "затанцоўванне вясны" - паскакаць, патаптаць зямлю, каб яна хутчэй абудзілася.
У кульмінацыі святочным шэсцем прайшлі да Вербнай гары, самага высокага месца Строчыц, каб злучыцца ў карагоды!
Дзіўна: карагоды сёння вадзілі вакол вогнішча! Звычайна мы бачым такое на Купалле ці Масленіцу. Але знаўцы пацвердзілі: аўтэнтычна і "Гукання вясны" вясны было "з агеньчыкам".
У далёкай мінуўшчыне менавіта з гэтых дзён і з "Гукання вясны" пачынаўся новы каляндарны год! Таму - сапраўды, час цяпер сакральны. І не толькі павагай да культурнай спадчыны і збераганнем аўтэнтычных абрадаў. У беларусаў жыла і жыве прымаўка: "Вясенні дзень год корміць!" Распачынаецца час сяўбы, няпростых вясковых будняў. І нават гараджаніна цягне да добраўпарадкавання роднай зямлі: навядзенне чысціні, пасадка дрэў і кветнікаў. Гукаем вясну і працуем разам!















