3.71 BYN
2.95 BYN
3.44 BYN
Прэзідэнт Беларусі: Палітычны канал у Афрыцы трэба манетызаваць ва ўзаемавыгадныя праекты

Палітычны капітал у Афрыцы трэба манетызаваць ва ўзаемавыгадныя праекты. Гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 30 кастрычніка на нарадзе па пытаннях развіцця супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі, піша БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што на ўсе афрыканскія краіны прыпадае пакуль толькі 2 % ад агульнага аб'ёму экспарту Беларусі (для параўнання: за 8 месяцаў 2024 года гэты паказчык быў на ўзроўні 1,9 %). І гэта пры тым, што пашырылася геаграфія беларускай прысутнасці ў рэгіёне. Да 2019 года супрацоўніцтва было пераважна з краінамі поўначы Афрыкі: Егіптам, Лівіяй і Суданам. А цяпер ужо напрацаваны значны палітычны капітал з Зімбабвэ, Нігерыяй, Эфіопіяй, Кеніяй. Цікавасць да актывізацыі сумеснай работы праяўляюць Уганда, Батсвана, Гана, Мазамбік.
"Вы ведаеце, як манетызаваць палітычны капітал ва ўзаемавыгадныя праекты", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемства. Адпаведны алгарытм, паводле яго слоў, адпрацаваны на праграме механізацыі сельскай гаспадаркі Зімбабвэ. Цяпер па гэтай жа схеме ідзе паспяховае супрацоўніцтва з Нігерыяй. Сумарна туды пастаўлена ўжо больш за 5 тыс. адзінак беларускай сельскагаспадарчай і спецыяльнай тэхнікі, праводзіцца навучанне персаналу, наладжваецца работа сэрвісных цэнтраў. Ёсць планы па стварэнні зборачных вытворчасцей.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, у прыватнасці, гатоўнасць Алжыра вывесці адносіны на якасна новы ўзровень, падмацаваўшы іх сур'ёзнымі праектамі. "Напярэдадні візіту паглядзім, што МЗС з урадам прапануюць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Разлічваю ў самы бліжэйшы час абмеркаваць прадметныя крокі і канкрэтныя эканамічныя задачы з Прэзідэнтам Тэбунам".
Дарэчы, гэту афрыканскую краіну наведваў нядаўна міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў. "Спазніліся мы ў Алжыр з нашай прадукцыяй ці не?" - спытаў беларускі лідар.















